
10 скарбаў з калекцыі Нацыянальнага Мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
1. Ікона Нараджэнне Багародзіцы, 1649, дрэва, тэмпера, беларускае мастацтва XII-XVIII стст.
Адзіная ікона ў экспазіцыі музея, падпісаная аўтарам «Року Бжого 1649 Петр Евсеевич из Голынца». Кожная дэталь тут прадумана і дасканала выкананая: падушкі, вышытыя беларускім арнаментам, маленькая разная люлька, ваза з кветкамі. Арачны праём упрыгожвае залачоны раслінны арнамент, падобны да ўзораў італьянскіх тканінаў і графічных малюнкаў XVII стагоддзя.
2. Царскія вароты з Магілёўскага Нікольскага сабора, канец XVII ст., дрэва, разьба, пазалота, беларускае мастацтва XII-XVIII стст.
Ажурная разьба па дрэву, выкананая беларускімі майстрамі, у суседніх краінах атрымала назву «беларуская рэзь». Помнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў стылі барока. У калекцыі музея толькі ўсяго дзве такія працы. Раслінныя ўзоры ў выглядзе вінаграднай лазы пераклікаюцца з традыцыямі галандскай школы.
3. Партрэт Юрыя Радзівіла «Геркулес Літоўскі», XVII ст., палатно, алей, беларускае мастацтва XII-XVIII стст.
Юры Радзівіл – гетман Вялікага Княства Літоўскага, бацька Барбары Радзівіл, каралевы Польскай. Парадны «сармацкі партрэт» прадстаўніка шляхетнага роду. Шляхта лічыла ваяўнічае племя сарматаў сваімі продкамі, таму з вялікай пашанай ставілася да прадстаўнікоў ваеннага саслоўя. Партрэт Юрыя Радзівіла адзін з самых ранніх узораў сармацкага партрэта, які захаваўся ў Беларусі. Выбітныя калекцыі парадных партрэтаў знаходзяцца ў Польшчы, Літве і Украіне.
4. «Юнона», Антоніа Тарсія, Італія, 1716-1717, скульптура, мармур, мастацтва краінаў Заходняй Еўропы.
Мяркуецца, што скульптуру замовіў у Венецыі агент Пятра І, граф Сава Лукіч Рагузінскі, для аздаблення сада. У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея РБ «Юнона» апынулася ў сярэдзіне ХХ ст.
5. Белая Тара, Кітай XVIII ст., бронза, ліццё, пазалота, роспіс, мастацтва краін Усхода.
«Высокая місія НММ РБ не толькі ў захаванні і экспанаванні нацыянальнага мастацтва, але і дэманстрацыі культурнай і мастацкай разнастайнасці розных цывілізацыяў. У гэтым сэнсе калекцыя дэкаратыўна – прыкладнога мастацтва краін Усхода зʼяўляецца, мабыць, самай кантраснай з пункту погляду тэхнік і матэрыялаў у творах, якія ўваходзяць у калекцыю», – кажа Мікіта Моніч, навуковы супрацоўнік аддзела Рускага і замежнага мастацтва НММ РБ. – «Белая Тара» – гэта помнік будыйскай металічнай рытуальнай пластыкі. Работа кітайскіх майстроў эпохі Цын (1644-1911 гг.). Гэта выдатная рэч па свайму мастацкаму і тэхнічнаму выкананню. Сам персанаж, - духоўная жонка Бадхісатвы Авалакітэшвары - зʼяўляецца адным з найбольш шанаваных стварэнняў шырокага пантэона будызму Махаяны. А менавіта гэтую галіну традыцыйнага будызму можна назваць найважнейшым элементам культуры ўсёй Усходняй Азіі».
6. Футляр для люстэрка, Алі Афшар. Іран, 1738-1739 гг., дрэва, лак, роспіс, мастацтва краінаў Усхода.
7. Карл Брулоў »Партрэт Мацвея Віельгорскага«, 1828, палатно, алей, рускае мастацтва XVIII-XX стст.
Партрэт графа, музыканта і кампазітара, заснавальніка Рускага музычнага таварыства Мацвея Віельгорскага – мастацкая праца, ў якой стрыманасць акадэмічнай школы спалучаецца з рамантычным і кранальным поглядам мастака.
8. Міхаіл Урубель, »Партрэт Караліны Аўгусты Атэры«, 1898, пастэль, рускае мастацтва XVIII-XX стст.
«Карціна як быццам складзена з каштоўных камянёў – гэта аўтарская тэхніка Міхаіла Урубеля«, – кажа Святлана Анэйка, НММ РБ. Мастак стварыў партрэт вядомай актрысы, спявачкі і танцоркі Караліны Аўгусты Атэры па памяці.
9. Юдэль Пэн «Партрэт Марка Шагала», 1914, палатно, алей, беларускае мастацтва ХХ-ХХI стст.
Адзіны партрэт Марка Шагала, напісаны яго настаўнікам Юдэлем Пэнам.
10. Май Данцыг »Мой горад старажытны, малады«, 1972 г., палатно, алей, беларускае мастацтва ХХ-ХХI стст.
На карціне месца зараджэння Мінска. Тут былі знойдзеныя першыя паселішчы. Май Данцыг мастак-урбаніст, які ствараў цудоўныя «партрэты» горада. Аўтар пашырае свае тэхнічныя прыёмы і выкарыстоўвае тэхніку калажа, – на плоце наклееныя сапраўдныя выцемкі з газет.
Кансультанты:
Святлана Анэйка, навуковы сакратар НММ РБ,
Мікіта Моніч, навуковы супрацоўнік аддзела Рускага і замежнага мастацтва НММ РБ,
а таксама дырэктары аддзелаў і супрацоўнікі НММ РБ.