Выстава сучаснага мастацтва для медыя: размова з аўдыторыяй, гісторыі і эмоцыі offline

Як сучаснае мастацтва стала інструментам размовы медыя з са сваёй рэальнай аўдыторыяй? Распавядае Ганна Карпенка, культурны менеджар і сакуратар* выставы «Імёны».

«Імёны» – добра вядомае ў Беларусі анлайн медыя і краўдфандынгавая платформа. Часопіс збірае грошы для сваіх герояў. Тэмы артыкулаў і рэпартажаў – вострыя сацыяльныя пытанні, героі – людзі ў складанай жыццёвай сітуацыі. Для таго, каб выйсці ў offline і пашырыць сваю аўдыторыю, рэдакцыя запрасіла куратараў, мастакоў і арганізавала выставу ў крэатыўнай прасторы ў цэнтры Мінска. 

Мастакі стваралі свае працы, інсталяцыі, перформансы адмыслова для выставы, адмыслова для «Імёнаў», для горада і света.

Стратэгія

Характар медыя даволі спецыфічны, востры і праблемы, таму мы выбралі стратэгію куратарства як сацыяльнага актывізму. Мы хацелі прапанаваць аўдыторыі з дапамогай сучаснага мастацтва прааналізаваць важныя сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў канкрэтным лакальным кантэксце. Мастацтва, як стратэгія асэнсавання сацыяльных аб’ектаў і тэмаў. Сучаснае мастацтва стала буферам паміж героямі «Імёнаў» і аўдыторыяй.

Канцэптуальна і тэхнічна праект быў даволі складаны. Глядач разважаў аб важных тэмах сутыкаючыся не з артыкулам, а прыходзіў да герояў праз творы мастацтва. Напрыклад, праз знаёмства з арт-аб’ектамі была магчымасць убачыць жыццё людзей з інваліднасцю.

Для нас было важна адыйсці ад вертыкальнага ўладнага дыскурса, калі сацыяльныя тэмы ці тэмы сацыяльнай інклюзіі разглядаюцца альбо зверху, альбо наадварот з пазіцыі шкадавання. Сучаснае мастацтва дазваляе пазбягаць такіх падыходаў.

10 мастакоў і 10 гісторый

Мы запрасілі да ўдзелу ў праекце 10 мастакоў. Гэта быў куратарскі выбар. Мы прааналізавалі творчасць – якія тэмы і ім цікавыя? У асноўным гэта былі мастакі і арт-групы, якія працуюць з сацыяльнымі тэмамі. Усе мастакі беларускія. Таксама для нас было важна захаваць гендарны баланс.

Затым усе матэрыялы часопіса «Імёны» за год мы размеркавалі па тэмах. Класіфікавалі і вылучылі самыя важныя. Атрымалася каля 25-30 тэмаў. Былі тэма хатняга гвалту, жыцця людзей з захворваннем БАС (бакавы аміятрафічны склероз), людзей з аўтызмам, нават бяздомных жывёлаў. 

Па кожнай тэме мы склалі пералік артыкулаў і прапанавалі тэмы мастакам.

Мы хацелі, каб яны самі выбралі сабе тэму, гісторыю і героя сваёй працы. Адзінай умовай ад нас, як ад куратараў, было ўзаемадзеянне мастака з героем. Яны павінны былі абавязкова сустрэцца, паразмаўляць і правесці час разам.

У падрыхтоўцы выставы прымалі ўдзел і журналісты. Гэта трохбаковае ўзаемадзеянне вельмі важнае. Усе мастацкія праекты былі ўнікальнымі і рыхтаваліся адмыслова да выставы.

Форма

Некаторыя мастакі выкарысталі для сваіх інсталяцый працы герояў. Напрыклад, фатограф Сяргей Гудзілін задакументаваў гісторыю Паўла Рашчынскага, які пакутвае на цяжкую форму цэрэбральнага паралюшу. На выставе была прадстаўленая інсталяцыя з акварэльнымі малюнкамі, якія Павел стварае лежачы. Гэта неверагодна кранальныя акварэлі з дэльфінамі, вадой і морам. Гэтыя выявы не выпадковыя, таму, што вада з’яўляецца сродкам пазбаўлення ад болю для Паўла. 

Яшчэ адна праца – перформанс ад віцебскага мастака Кірыла Дземчава. Сам мастак нязрушна знаходзіўся ў ложку ў дні выставы. Гэта быў вялікі выклік для самога Кірыла. Ён працаваў над тэмай «закладнікі цела». Ячшэ адзін прыклад – інсталяцыя ў выглядзе чатырохметровай разеткі, якую мастак распісваў каля трох сутак.

Усяго на выставе было паказана 10 інсталяцый, – і гэта былі не проста «карціны на сценах». Гэта канкрэтныя гісторыі. Амаль усе героі артыкулаў «Імён» прыехалі на адкрыццё - неверагодны гонар і радасць для нас. 

Аўдыторыя і мерапрыемствы

Для любых анлайн платформ і праектаў вельмі важна наўпрост адкрыцца аўдыторыі, гледачу і чытачу. У межах выставы прайшла вялікая дадатковая праграма. Практычна кожны дзень цягам двух тыдняў адбываліся сустрэчы семінары адкрытыя дыскусіі, прайшоў нядзельны маркет, на які былі запрошаныя героі часопіса. «Імёны», як медыя, задалі тон і накірунак, вузлавыя вострыя тэмы для беларускага грамадства, якія неабходна глыбей абмяркоўваць і ўцягваць у іх абмеркаванне вялікую аўдыторыю.

Адна з тэмаў – хатні гвалт. Адбылося два мерапрыемства з грамадскім аб’яднаннем «Радзіслава», якое дапамагае ахвярам.

У маі 2017 года выстава «Імёны» прайшла ў Мінску, у жніўні ў Віцебску, ў кастрычніку ў Брэсце. Выставу наведалі каля 4 тысяч чалавек. Для такога праекта гэта вельмі добры вынік. Гэта не забаўляльны праект. Тэмы патрабуюць паглыблення, падрыхтоўкі. Многія зыходзілі са слязамі на вачах. Уваход на выставу каштаваў мінімум 2 рублі ( каля $1), але максімум быў неабмежаваны.

Выставу наведалі прадстаўнікі беларускага бізнеса. Праект паспяхова ўзаемадзейнічаў са спонсарамі, генеральным партнёрам была кампанія-аператар мабільнай сувязі. 

Дыялог

Любыя сацыяльныя, культурныя і палітычныя медыя могуць паспяхова працаваць з мастакамі, куратарамі, музыкантамі. Вынік у любым выпадку атрымаецца цікавым, таму што аб’ект аналіза – грамадства. Яго болевыя кропкі і праблемы. Чым больш сродкаў і інструментаў паказаць гэтыя праблемы, тым большым будзе эфект. Ва ўсім свеце стратэгія сацыяльнага актывізма будуецца на міждысцыплінарных сувязях. Нам трэба выбудоўваць гэтыя сувязі. Хоць сучаснае мастацтва не з’яўляецца прадметам абмеркавання і любві зараз у Беларусі.

«Гораду і свету»

Я не пагадзілася б працаваць з медыя толькі дзеля таго, каб проста пашырыць аўдыторыю. Для мяне маюць значэнне тэма, героі, сацыяльная значнасць. Зараз «Імёны» прыкладаюць намаганні, каб у Беларусі ахвяраванні з-за мяжы не абкладаліся падаткамі. Падчас выставы мы ўсе працавалі над вельмі важнымі пытаннямі. Мы разумелі, што гэта тэмы, пра якія варта казаць. 

Фота: Таццяна Капітонава, Сяргей Ждановіч, Віка Харытонава

*у супрацоўніцтве з Антанінай Стебур

Other interesting stories: