Думаць, камунікаваць, развівацца. У Мінску прайшла першая сустрэча 50-ці беларускіх лідараў у сферы культуры

6 красавіка 2016 г. у Мінску 50 удзельнікаў праграмы абмеркавалі прынцыпы культурнага лідарства, запланавалі індывідуальныя планы навучання, выбралі рабочыя групы па вырашэнню праблем культуры і пазнаёміліся.

Мікко Фрытцэ культурным лідарам у Мінску: «Зрабіце «цішэй» свае асабістыя інтарэсы»

У першай частцы семінара выступіў Мікко Фрытцэ, дырэктар Інстытута імя Геттэ ў Фінляндыі, кіраўнік праграмы «Талін – еўрапейская культурная сталіца» ў 2011 г., трэнер па культурнаму лідарству. З мінскімі ўдзельнікамі праграмы Мікко Фрытцэ падзяліўся асноўнымі, на яго думку, якасцямі лідара ў галіне культуры. Гэта давер, жаданне дзяліцца інфармацыяй і эмоцыямі, умець рызыкаваць і суперажываць, працаваць празрыста і адкрыта, знайсці і сфармуляваць галоўнае пасланне сваёй працы і ўсяго праекта. «Пытайце! Калі вы кіруеце праектам, вы павінны ўвесь час пытаць і раіцца. Не прыкідвайцеся, што вы ўсё ведаеце, - сказаў Мікко Фрытцэ. “І яшчэ, - запал! У нашай справе нічога не працуе без запалу”.

Паводле слоў Мікко Фрытцэ, у працэсе рэалізацыі праекта “Талін – еўрапейская культурная сталіца” ў 2011 годзе, самай складанай задачай было знайсці агульную мову з мясцовымі ўладамі, а таксама заваяваць давер у гараджан. Як атрымалася зрабіць жыхароў Таліна не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі?

«У Эстоніі ўсе спяваюць. Я немец, мая жонка - з Аргентыны, але нават нашы нямецка-аргентынскія дзеці навучыліся спяваць заўсёды і ўсюды. У сваёй працы мы выкарыстоўвалі гэту культурную асаблівасць краіны і звярнуліся з нашымі ідэямі ў «Конкурс хараў» - с амую папулярную тэлепраграму на эстонскім тэлебачанні. Атрымалася».

«У Эстоніі паважаюць моцных лідараў. Людзі разлічваюць на аўтарытэтнага кіраўніка і не ўспрымаюць сур'ёзна тых, хто падаецца ім мяккім. Ад мяне чакалі, што я ўсё вырашу, і было даволі цяжка даць зразумець, што гэта не так. У мяне не было ніякіх cпецыяльных прывілеяў. Я быў адкрытым, запрашаў сваю каманду дадому, камунікаваў і гатаваў ім».

«Дайце рэчам ісці сваім ходам. Рэалізаваць культурны праект – гэта не тое ж самае, што пабудаваць трактар або прасунуць на рынку новы гатунак мыла. Усё заўсёды мяняецца. Таму вельмі важна быць адкрытым. Для працы ў Эстоніі я вывучыў мову, палюбіў гэту краіну, зразумеў, якую ролю маюць спевы і тэатр для эстонцаў і зрабіў «цішэй» свае асабістыя інтарэсы».

«Мы выкарыстоўвалі новыя культурныя фарматы, арганізавалі мерапрыемствы і фестывалі, якія да гэтага часу праходзяць у Таліне. З'явіліся новыя арт-аб'екты, прайшлі выставы. Мы пабудавалі самы вялікі саламяны тэатр у свеце. Гэта быў добры год. Мы шмат зрабілі і ў горадзе, і для горада».

Пасля выступлення Мікко Фрытцэ адказаў на пытанні ўдзельнікаў мінскай сустрэчы. Найбольшую цікавасць выклікалі тэзісы эксперта

  • пра працу ў камандзе,

  • адаптацыі агульнаеўрапейскіх практык да лакальных традыцый,

  • пошук людзей і партнёраў для сумеснай працы ў праектах у галіне культуры.

Затым удзельнікі праграмы спрабавалі разам з Мікко знайсці культурныя асаблівасці Мінска і іншых гарадоў Беларусі, якія маглі б, таксама як тэатр і спевы ў Эстоніі, стаць візітнай карткай горада і краіны.

У другой частцы семінара Аліна Дзеравянка, каардынатар праграмы ЕС «Культура і Крэатыўнасць» у Беларусі і Цім Уільямс, кіраўнік праграмы, прадставілі ўдзельнікам тэмы workshop’ов – спецыяльных курсаў для навучання, якія прапануе праграма.

Якія напрамкі workshop’ов выбралі ўдзельнікі з Беларусі?

Алена Капыток, вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі г. Барысава, Мінская вобл.: «Для сябя я выбрала workshop па складанні заяўкі і бюджэту праектаў, а таксама курс па адвакатаванні і выкарыстанні сучасных тэхналогій у сферы культуры. Я працую над стварэннем відэарэсурса для прафесійнай бібліятэчнай супольнасці. Цяпер вельмі складана знайсці відэа пра бібліятэчную дзейнасць. Пакуль я сама, як аматар, здымаю відэа і раблю фота».

Рацібор Бягун, гісторык і краязнаўца, плануе ўласныя праекты. «У мяне ёсць ідэя стварыць інтэрнет-партал па гісторыі Мінска. Таму я запісаўся на курсы па складанні бюджэту і напісанні заявак, вывучэнні праектных цыклаў і стратэгічнаму планаванню».

Наталля Галава, рэжысёр, арганізатар мерапрыемстваў з event-супольнасцю «Барысаўская мыза», г. Барысаў, Мінская вобл.: «Для мяне вельмі важна навучыцца правільнаму дыялогу з мясцовымі ўладамі, гараджанамі і прадпрымальнікамі. Таму я выбрала workshop па адвакатаванню. А таксама я запісалася на курсы па выкарыстанні сучасных тэхналогій і стратэгічнаму планаванню. Наша супольнасць існуе ўжо чацвёрты год і трэба дакладна разумець, куды мы рухаемся».

У цэлым у беларускіх культурных лідараў найбольшую цікавасць выклікалі два напрамкі навучання:

  1. праектны мэнэджмент (напісанне заявак, складанне бюджэту, прасоўванне праектаў),

  2. стратэгічнае планаванне. 

«Культура падчас крызісу – асноўны інструмент камунікацыі і тэрапіі для грамадства»

У трэцяй часцы семінара Ганна Чыстасердава, арт-дырэктар прыватнай галерэі сучаснага мастацтва «Галерэя Ў» падзялілася з удзельнікамі вопытам сваёй працы. Асаблівы акцэнт яна зрабіла на

  • Працы ў камандзе і атмасферы ўнутры творчага калектыву,

  • Складанні планаў і ацэнцы вынікаў,

  • Дэлегаванні паўнамоцтваў і пытаннях прафесійнага росту.

Таксама А. Чыстасердава прапанавала практычныя заданні, якія дапамаглі ўдзельнікам вызначыць свой тып лідарства.

Заключная частка семінара таксама была практычнай і інтэрактыўнай. Цім Уільямс прапанаваў удзельнікам узяць адказнасць за вырашэнне ключавых праблем у галіне культуры і сабрацца ў каманды аднадумцаў. Групы абмеркавалі праблемы і выступілі з прэзентацыяй сваёй сумеснай працы. Вось, што ўдзельнікі праграмы хацелі б змяніць у культурнай сферы Беларусі ў бліжэйшы час:

Андрэй Лянкевіч, арт-дырэктар культурнай прасторы «ЦЭХ», Мінск: «Дзяржава лічыць, што культура павінна ствараць і выхоўваць усю краіну. Таму ў вялікіх і маленькіх гарадах ёсць праблемы, - усе культурныя праекты прывязаны да аддзелаў ідэалогіі мясцовых выканкамаў. Але ж культура – гэта не толькі «маляванне карцін», а вялікая індустрыя, якая можа ствараць працоўныя месцы і прыцягваць турыстаў».

Дар'я Амяльковіч, аглядальнік газеты «Культура», пра важнасць правільнай расстаноўкі прыярытэтаў: «Ёсць праекты, якія патрабуюць дзяржаўнага фінансавання, а ёсць тыя, якія могуць фінансавацца з прыватных крыніц, напрыклад Еўрабачанне. Калі ў Філіпа Кіркорава ганарар 20 тыс. еўра, а зарплата ў бібліятэкара – менш за 100 еўра, і абодва гэтыя напрамкі фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту, … перад намі нейкая дзіўная сістэма прыярытэтаў. Гэта размеркаванне патрабуе большай увагі з боку дзяржавы і грамадскасці».Вольга Салахеева, незалежны культурны мэнэджар з Мінска: «Падчас крызісу культура павінна стаць асноўным інструментам камунікацыі і тэрапіі для грамадства. Месцам, дзе з'яўляюцца новыя сэнсы і сімвалы змяненняў, месцам, дзе мы шукаем адказы на нашы пытанні. З іншага боку крызіс – гэта штуршок і магчымасць аптымізаваць рэсурсы, напрыклад, звярнуцца за дапамогай да валанцёраў». 

Other interesting stories: