Марына Дашук: «Мой працоўны дзень сканчаецца апладысментамі. Я — тэатральны прадзюсар»
• Шмат хто пытаецца “можна я дапамагу на спектаклі?”, “можна я прыйду паглядзець?”. З боку падаецца, што “гэта клас!”, гэта так проста і весела. Але такія людзі хутка збягаюць. Тэатр - вельмі спецыфічная праца. Трэба любіць тое, што ты робіш. Любіць актораў, любіць гэтую мітусню. А любіць немагчыма навучыцца. Трэба мець да гэтага здольнасць.
• Што значыць «любіць»? У маім выпадку гэта значыць знайсці сябе і займацца любімай справай. Таксама «любіць» для мяне гэта лёгкасць, прастата, камфортнае існаванне і задавальненне. Мне вельмі пашанцавала, я займаюся тым, чым сапраўды хачу, раблю справу, якая прыносіць мне ўсё, што трэба для паўнавартаснага жыцця. Дае мне асабістае і прафесійнае развіццё. Гэта праца з геніяльнымі людзьмі і самае галоўнае - як адказ на маю працу, да мяне вяртаецца любоў. Без яе ніяк.
• Тэатральны прадзюсар – гэта чалавек які робіць усё дзеля таго, каб спектакль жыў. У мяне гэтая якасць выявілася з дзяцінства. Усе дзеці з'язджаліся летам да бабулі ў вёску. Мы з дзедам рабілі сцэну, я ўсё арганізоўвала, малявала афішу і прадавала сваякам квіткі. Нехта спяваў, нехта чытаў вершы. Я не выходзіла на сцэну, а кіравала ўсім за заслонай. Збірала грошы, дзяліла і плаціла ганарар. Я хацела гэтым займацца. Я ўжо з дзяцінства ведала, што буду тэатральным прадзюсарам. Сёння мой працоўны дзень сканчаецца апладысментамі. І гэта шчасце.
• Я гадавалася ў вёсцы, у нас не было культурнага цэнтра. Пасля музыкальнай вучэльні я паступіла ва Універсітэт Культуры ў Мінску. Я памятаю першую лекцыю пра тэатр. Як увесь мой свет перакуліўся з ног на галаву. У наступныя поўгады я перагледзела ўсе спектаклі. Я сачыла за ўсім. Для далейшага навучання я выбрала групу, звязаную з тэатрам. І прысвяціла яму сваё жыццё.
• Спектакль Святланы Бень «З жыцця кузурак», з якім я працую ў дадзены момант, дасягнуў вельмі вялікага ўзроўню запатрабаванасці. Святлана – неверагодная актрыса. Усё, што яна робіць, вельмі прафесійна. Яна заразіла людзей сваёй ідэяй. Гэты спектакль адрознівае шчырасць і праўдзівасць. Спектакль быў зроблены без фінансавання. Проста людзі хацелі зрабіць і зрабілі. Такія пастаноўкі заўсёды запатрабаваныя. Іх хочуць бачыць гледачы, яны маюць паспяховую кар'еру.
• Зараз амаль кожны праект для мяне гэта справа жыцця. Планаў шмат, але магу дакладна сказаць, што ў бліжэйшыя некалькі год амаль усе мае праекты будуць звязаныя з адукацыяй, як з асабістай, так і для прафесіяналаў у сферы тэатра. У Мінску пачынаецца цыкл культурна-адукацыйных праграм у сферы сучасных тэатральных практык і перфоманса «Театр + Тело».
• Звычайна на міжнародных фестывалях да мяне падыходзяць людзі з розных краін, з Японіі з Кітая і інш., і пытаюцца пра беларускі тэатр. Цікавяцца тым, што ў нас адбывацца. Чаму? Я думаю, таму, што на міжнародных фестывалях вельмі рэдка нехта з'яўляецца з Беларусі. Хоць любы наш тэатр, калі б яго каманда мэтаскіравана займалася б міжнародным супрацоўніцтвам, быў бы цікавы і запатрабаваны. У Еўропе адбываецца вельмі шмат драматычных, музычных, пластычных і г.д. фестывалей. Кожны можа знайсці пляцоўку для сябе.
• Апошнія некалькі год у Беларусі набірае сілу станоўчы рух. Але ў нас застаецца шмат рэпертуарных тэатраў. І яны асноўныя. У Еўропе гэтая сістэма ўжо даўно працуе па іншаму. Тэатры – гэта праекты, якія адпавядаюць часу. Няма рэпертуарнай палітыкі. У нас толькі пачынаюць з'яўляцца пляцоўкі, дзе могуць працаваць незалежныя тэатральныя групы. Таму вельмі важна, каб былі менеджары, якія дапамаглі б гэтаму руху развіцца і ўмацавацца. Думаю, што пляцоўка «ok16» хутка зварухне тэатральны Мінск. Раю ўсім сачыць за падзеямі.
• Меркаванне публікі? Сучасны тэатр і ўвогуле сучаснае мастацтва не павінна арыентавацца на меркаванне публікі. Задача сучаснага мастацтва - увайсці ў дыялог з публікай, задаваць ёй пытанні і магчыма, час ад часу, прапаноўваць адказы.
• Як стаць тэатральным менеджарам? Перш за ўсё трэба знайсці сваю каманду. Свайго рэжысёра, праект які табе самому б падабаўся. Гэта старт. Наступны крок – каманда аднадумцаў. Калі яна ёсць – атрымоўваюцца вельмі добрыя прадукты.
• Важна для менеджараў, якія займаюцца тэатральнымі праектамі, быць часткай прафесійных сетак. Напрыклад, IETM – міжнародная сетка, якая кожныя тры месяцы арганізоўвае сустрэчы для тэатральных менеджараў з розных краінаў. Ці Усходнееўрапейская платформа перфарматыўнага мастацтва EEPAP, якая падтрымлівае развіццё сучаснага перфарматыўнага мастацтва (танца і тэатра) у 18 краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Там вырашаецца, куды ідзе тэатр, які накірунак зараз у трэндзе. Такія сустрэчы даюць вельмі шмат асабістых кантактаў. А гэта вельмі важна. Пасля сустрэч я звычайна высылаю свае прапановы, - людзі мяне ўжо ведаюць. А гэта значыць больш шанцаў трапіць на фестываль. Усё пачынае працаваць «па ланцужку». Так, для ўдзелу трэба ўкладаць свае сродкі. Трэба шукаць гранты на пералёты і пражыванне. Але, з іншага боку, для прафесіяналаў з краін Усходняга Партнёрства ёсць шмат зніжак.
• Відавочна што тэатр зараз выконвае важную функцыю развіцця грамадства, фармуе інтэлектуальныя і маральныя якасці, садзейнічае паспяховай сацыялізацыі. Прагледзіўшы рэпертуар нацыянальнага тэатра ў любой краіне можна абсалютна дакладна вызначыць узровень жыцця, пісьменнасці і адукаванасці нацыі.