Ігар Логвінаў: «Настаў час узмацніць гучанне беларускай літаратуры ў свеце»
– Якія асноўныя тэндэнцыі існуюць сёння на беларускім кніжным рынку?
– Сённяшні беларускі кніжны рынак апісаць вельмі проста. Каля 90% – гэта рускамоўныя выданні і каля 10% – беларускамоўныя. Гэтыя суадносіны не мяняюцца ўжо 25 гадоў. Частка выдавецтваў, якія прысутнічаюць на рынку – беларускія, але асноўная маса кніг – гэта экспарт з Расіі. Для таго каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зайсці ў любую кнігарню – 80% прадукцыі там кнігі, выдадзеныя ў Расіі.
– Якая гэта літаратура, класіка, пераклады?
– Па маёй ацэнцы, кнігі ў дзяржаўных крамах – гэта ў асноўным дзіцячая і мастацкая літаратура. Ёсць невялікі працэнт гуманітарнай літаратуры – філасофія, пераклады. Шмат вучэбнай літаратуры, як правіла, выдадзенай беларускімі выдавецтвамі, якія з'яўляюцца манапалістамі.
– Атрымліваецца, што ў Беларусі зарабляюць расійскія выдавецтвы. Чаму так?
– Таму, што ў беларускіх выдавецтваў менш сродкаў, фінансавых, перакладчыцкіх і маркетынгавых магчымасцяў для развіцця і заваёвы рускамоўнай аўдыторыі. Плюс агульная выдавецкая культура, «дзякуючы» дзяржаўнай палітыцы ў галіне выдавецкай справы, не развіваецца і не расце. У выдавецкай справе, як правіла, заняты людзі малаадукаваныя і не мабільныя.
– Вы адзначылі недахоп адукацыі. У якой вобласці не хапае ведаў выдаўцам?
– Як у выдавецкай справе, так і ў гуманітарных навуках у цэлым. Выдавец не проста павінен «нешта разумець пра кніжкі». Ён павінен арыентавацца ў свеце, у літаратуры, у філалогіі, у навуцы, быць мабільным, рухомым. Гэта няпростая задача, у тым ліку і эканамічна. Я ведаю вельмі мала выдаўцоў, якія адчуваюць трэнды, і як кажуць, знаходзяцца «ў тэме».
– Якая якасць неабходна, каб адчуваць трэнды ў выдавецкай справе?
– Паспяховыя выдаўцы пастаянна маюць зносіны, ездзяць, наведваюць выставы. Яны пагружаныя, яны ўвесь час шукаюць новыя веды, новыя нішы.
– У чым агульная прычына праблем выдавецкай справы ў Беларусі, на Ваш погляд? Магчыма, няма годнага матэрыялу, ці справа ў механізмах рэалізацыі выдавецкіх праектаў?
– Выдавецкая дзейнасць у Беларусі ліцэнзавана. Выдавецкая справа падлягае абавязковай рэгістрацыі. Выдача ліцэнзіі рэгулюецца дзяржавай. Трэба здаць экзамен і атрымаць рэгістрацыю на выпуск кніг пэўнай тэматыкі. Напрыклад, я маю права выдаваць мастацкую, але не магу выдаваць адукацыйную літаратуру. Прыватныя выдавецтвы працуюць у вельмі абмежаваных абставінах.
У Савецкім саюзе выдавецкая справа было адной з самых традыцыйных застаялых абласцей. Выданне кніг было жорстка ідэалагічна рэгламентавана і вельмі павольна развівалася. Цяпер усё хутка мяняецца, – медыцына, адукацыя. Іншыя хуткасці развіцця. А выдавецкая справа засталася на ўзроўні савецкага часу, калі тры гады трэба было рыхтаваць рукапіс, потым пяць гадоў яго ўзгадняць, а потым доўга–доўга думаць і выдаваць. Тое, што мы робім сёння, ужо праз паўгода можа быць не актуальна. Свет змяніўся.
– Напісаць і выдаць кнігу, – колькі на гэта сёння патрэбна часу?
– Цяжка сказаць. Ёсць кнігі, якія пішуцца дзесяцігоддзямі, і яны актуальныя. Ёсць кнігі, якія пішуцца за тыдзень–два, і яны таксама актуальныя. На працэс уплывае агульнае адчуванне актуальнасці, – каму і што цяпер трэба, што дарэчы і правільна цяпер выдаваць. Хоць мы самі не працуем у такім модусе.
Мы працуем для задавальнення – выдаем кнігі, якія падабаюцца мне, маім сябрам. У нас таксама не хапае мабільнасці, рэсурсаў і магчымасцяў. Але і задача ў нас прасцей, – рынак беларускамоўнай літаратуры невялікі. У нас ёсць магчымасць быць павольнымі.
У сучасным свеце выжываюць больш мабільныя, больш актуальныя мадэлі.
– Што Вы маеце на ўвазе пад «мабільнымі мадэлямі»?
– Гэта мадэлі, якія даюць магчымасць хутка мяняць стратэгію, візуальны рад, выкананне кніжкі, мяняць вобласць і падстройвацца пад рынак. Гэта адносіцца да ўсёй кніжнай прадукцыі.
– Да электронных кніг у тым ліку?
– Электронныя кнігі – гэта адзін з відаў выдавецкай справы. На самай справе, электронная кніга вельмі мала адрозніваецца ад папяровай, – гэта таксама інфармацыя, сшытая пад адным загалоўкам. Проста іншыя тэхналогіі продажу і іншыя тэхналогіі чытання. На сённяшні дзень электронныя кнігі займаюць ад 15–20% кніжнага рынку. Гэта значыць і гэта даволі важкая частка, на развіццё якой арыентуюцца ўсе выдаўцы. Але па прагнозах, электронная кніга не пераможа папяровыя выданні. Доля электронных кніг на рынку ў бліжэйшай будучыні вырасце да 35%, але не больш.
– Выдавецтва «Логвінаў» распрацоўвае гэты выдавецкі сегмент?
– Так, цяпер мы пачалі выпускаць такую прадукцыю. Нас пазбавілі ліцэнзіі на друкаваную выдавецкую дзейнасць. Аднак наш Закон аб друку ніяк не рэгламентуе электронныя выданні. Таму мы пачалі актыўна развіваць гэты напрамак.
У 2016 годзе выйдзе каля 30–40 электронных кніг выдавецтва «Логвінаў».
– Выдаючы электронных кнігі, на якіх чытачоў вы разлічваеце?
– На тых жа, што і былі. У Беларусі невялікі, але даволі ўстойлівы рынак беларускамоўнай літаратуры. Прырост гэтага рынку адбываецца за кошт электронных выданняў. Звяртаючыся да людзей, я зразумеў, што нават тыя, хто звычайна не чытае кнігі па–беларуску, з задавальненнем прачыталі б электронныя выданні. Таму, што гэта прасцей, не трэба ісці ў краму, купляць кнігу. Гэтыя «кланы» электронных і папяровых чытачоў паміж сабой ніколі не дамовяцца. Гэта два розныя рынкі. У нашай дзяржаве, у сітуацыі нашага выдавецтва, для мяне асабіста электронныя выданні – гэта аддушына. Я, як выдавец, атрымліваю неабмежаваную колькасць чытачоў, якая ніяк не рэгламентавана дзяржавай.
– Такім чынам, вашы патэнцыйныя чытачы ўсё, у каго ёсць электронная кніга ці смартфон …
– Не, нашы чытачы – гэта ўсе, хто любіць чытаць. Электронныя кнігі, смартфоны, планшэты ёсць у 90% насельніцтва.
– Як вы думаеце, выданне электронных кніг апраўдае сябе з камерцыйнай пункту погляду?
– Пакуль мы не плануем камерцыйнага поспеху з продажу электронных кніг. Мы плануем пашырэнне рынку тых, хто чытае на беларускай мове – гэта наша асноўная задача.
– Але ў вас камерцыйная арганізацыя па статусе?
– Так, па дакументах мы камерцыйная арганізацыя, але ўжо трэці год мы працуем як культурная платформа. Нам забаранілі выдаваць і прадаваць кнігі. Права прадаваць кнігі мы адваявалі.
– Якая літаратура, цяпер запатрабаваная ў Беларусі? Якія аўтары рэйтынгавыя, касавыя, модныя?
– Круг паспяховых беларускамоўных аўтараў акрэслены і ўжо шмат гадоў не мяняецца. Гэта Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Артур Клінаў, Андрэй Хадановіч. Яны пазнавальныя і даволі паспяховыя. Новыя аўтары ў гэты шэраг уваходзяць вельмі складана. Гэта звязана з некалькімі прычынамі. Па–першае, інвестыцыя ў новага аўтара – гэта вялікія выдавецкія рызыкі. Па–другое, сваю ролю адыгрывае адсутнасць літаратурнага асяроддзя, якое стварала б канкурэнцыю, матывавала б аўтара. Я лічу, што гэта вельмі вялікая праблема. У адрозненне ад многіх краін, у тым ліку Украіны і Расіі, у Беларусі ўвогуле не існуе ніякіх праграм падтрымкі маладых літаратараў. У нас аўтары знаходзяцца ў адчуванні вакууму.
– Як тэхналогіі паўплывалі на сучасныя літаратурныя формы?
– Вядома, інтэрнэт паўплываў на якасць пісьма, стыль, тэмы, формы. Хоць, вялікія раманы цяпер таксама пішуць, але іх менш чытаюць. Адзін з паспяховых прыкладаў украінская пісьменніца Аксана Забужко, якая напісала вельмі папулярны раман.
Большасць літаратуры зараз ствараецца ў актуальных, кароткіх формах, сціснутых у апавяданні. Апісваць паўтары старонкі жоўты лісток, як Р. Л. Стывенсан, цяпер недазваляльна …
– Зараз вы працуеце ў даволі жорсткіх рамках. Калі б у вас была магчымасць рэалізаваць вашы праекты ў поўнай меры, займацца тым, аб чым Вы марыце, што б Вы рабілі?
– Хутчэй за ўсё, я зрабіў бы тое ж самае, толькі больш эфектыўна: друкаваў бы больш аўтараў, вялікімі тыражамі, больш бы рызыкаваў. Магчыма, вярнуўся б да выдання гуманітарнай літаратуры – гісторыі, філасофіі, філалогіі.
– У 2015 годзе беларускі аўтар Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Як гэта падзея паўплывае на кніжны рынак?
– Гэта падзея змяніла знешнюю атмасферу, – і я гэта адчуў. Павысілася цікавасць да белорусскай літаратуры, да таго, што адбываецца ў культурным жыцці Беларусі. Да нас паступіла больш прапаноў, рэкамендацый да перакладу і выданню на беларускай мове. Беларускіх аўтараў сталі часцей запрашаць.
Надышоў час, які можна канвертаваць у больш моцны голас, узмацніць гучанне беларускай літаратуры ў свеце. Усім лакальным літаратурам вельмі цяжка прабіцца. С. Алексіевіч адкрыла нам такую магчымасць, і я лічу, што мы проста абавязаны гэтым скарыстацца.