Таццяна Пашавалава: «Культура – гэта не толькі фальклор»
Самае важнае цяпер – гэта змена ўяўленняў, як публікі, так і прафесіяналаў аб тым, што такое «беларуская культура», і пашырэнне гэтых уяўленняў. Напрыклад, пераадоленне разрыву паміж, так званымі «афіцыйнай» і «альтэрнатыўнай» культурамі. Як яго пераадолець? Праз разуменне таго, што ўся культура, у розных яе праявах, – гэта наша агульная спадчына. Такога разумення пакуль няма, кожны бачыць свой маленькі сегмент.
Калі пад культурай разумець не толькі набор жанраў мастацтва, але таксама і культуру вытворчасці, бытавую культуру, палітычную культуру, то можна канстатаваць, што культура – гэта наша жыццё. Кожны дзень мы робім нешта, кіруючыся тымі ці іншымі культурнымі нормамі і ўзорамі. Менавіта ў культуры жывуць паняцці аб тым, што такое "добра" і "дрэнна", вобразы герояў і антыгерояў грамадства. Гэтыя ўзоры падтрымліваюцца, перадаюцца, а часам, замяняюцца на іншыя, у тым ліку, з дапамогай адукацыі і мастацтва. Таму роля культуры ў грамадстве – гэта аснова (чаго не скажаш пра надзеленую ёй увагу, у сістэме грамадскіх прыярытэтаў).
Комплексныя і глабальныя праграмы, такія як "Культура і Крэатыўнасць" дапамагаюць публічнаму абмеркаванню стану сферы культуры і культурнай палітыкі. Спрыяюць уключэнню ў гэта абмеркаванне розных суб'ектаў – тых, хто стварае творчыя прадукты, хто іх заказвае і купляе, тых, хто пра іх піша, хто рэгулюе правілы гульні, хто культуру даследуе і інш. Прычым глабальныя праграмы дапамагаюць гэта зрабіць як у кожнай асобнай краіне, так і на рэгіянальным міжнародным узроўні.
У бліжэйшай будучыні важна паўплываць на наступныя аспекты культурнага жыцця краін Усходняга партнёрства, і асабліва Беларусі:
- Стварэнне сеткі рэгіянальных кантактаў у рэгіёне краін Усходняга партнёрства і з краінамі –суседзямі, членамі ЕС. Пакуль кантакты ў галіне культуры нерэгулярныя, іх нельга назваць сістэмным супрацоўніцтвам.
- Неабходнасць сумесных і параўнальных даследаванняў. Для гэтага экспертныя арганізацыі, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне культуры, павінны выпрацаваць і прыняць агульную сістэму збору і аналізу дадзеных. Гэта неабходна для таго, каб параўнаць дадзеныя па розных краінах. На сённяшні дзень, усе краіны рэгіёну ўсё яшчэ карыстаюцца савецкай сістэмай збору дадзеных, якая не супадае з еўрапейскай. Гэта агульная праблема.
- Якаснае змяненне і прырост нашых ведаў аб стане сферы культуры, пра магчымасці і пагрозы. Пад «пагрозамі» я маю на ўвазе, напрыклад, выклікі, звязаныя з талерантнасцю і прыняццем іншых культур, праблемы сучаснай ідэнтычнасці. Канфлікты абвастраюцца. Як з гэтым жыць і працаваць?
- Павышэнне значнасці культурнай сферы і яе стану. Разуменне сур'ёзнасці культурнай сферы для любога грамадства – гэта ўмова нармальнага функцыянавання грамадскага арганізма. Лепшае разуменне таго, што такое культура, неабходна ўсюды, – ад сферы дзяржаўнай палітыкі да грамадскіх стэрэатыпаў. Пакуль гэтыя стэрэатыпы вельмі моцныя і адзін з іх вынікаў – астаткавы прынцып фінансавання праектаў у галіне культуры. Іншыя наступствы – гэта неактуальныя ўяўленні аб працоўных стандартах, стаўленне да шматлікіх з'яў у грамадстве і жыцці. Усё гэта залежыць ад культуры.
Новыя ўмовы для крэатыўных індустрый: 4 кроку для Беларусі
Крок 1. Арганізаваць публічны дыялог. Перш за ўсё, гэта неабходна для пераадолення двух найбольш значных праблем развіцця сферы культуры ў Беларусі. Праблемы на сённяшні дзень гэта: ідэалагічная ангажаванасць культуры, асабліва дзяржаўных праграм у гэтай галіне; магутная непадкантрольная экспансія расійскай культуры і, як вынік, маргіналізацыя беларускай культуры. Каб гэта зразумець, дастаткова проста ўключыць тэлевізар. Няма вытворчага ланцуга, які дазволіў бы беларускаму культурнаму прадукту мець роўныя ўмовы для дэманстрацыі і канкурэнцыі з расійскім. Няма адпаведных інвестыцый і магчымасцяў для выхаду да аўдыторыі.
Крок 2. Уключэнне бізнэсу і грамадскіх аб'яднанняў (недзяржаўнага сектара) у працэсы падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у сферы культуры, развіццё інавацыйных прафесій. Тэхналогіі мяняюць уяўленне пра традыцыйныя прафесіі. Напрыклад, у сферы кіно, вытворчасць ідзе на новы лад, тэхналогіі мяняюць усё знутры. Старая прафесійная школа ўжо неактуальная. Або іншы прыклад – «заказчык культурнага прадукту», – пакуль гэтая дзейнасць нават не ўспрымаецца, як прафесія. Але калі няма пісьменнага заказу, не будзе і якаснага прадукту.
Крок 3. Прасоўванне сучасных уяўленняў аб культуры. У прыватнасці, пашырэнне прадстаўлення ад вузкага разумення пра культуру (напрыклад, асацыяцыя «культура–фальклор»), да разумення культуры як цэласнага комплексу нормаў і правілаў чалавечых адносін (працоўная культура, культура камунікацыі, палітычная культура і г.д.). А таксама важна адказаць на пытанні, вобраз якога героя сёння транслюецца ў грамадства? Якія нормы адносін прапануюцца і з'яўляюцца папулярнымі? Што правільна для мужчыны і жанчыны, зыходзячы з песень, якія гучаць у эфіры? Усё гэта таксама патрабуе аналізу і асэнсавання.
Крок 4. Адкрыццё доступу да крэдытных, грантавых і іншых фінансавых крыніц. Стварэнне заказу на культурны прадукт. Пакуль у нас асноўны заказчык – дзяржава. Усе спадзяюцца на яе. Няма свабодных сродкаў, каб мастакі маглі крэдытавацца. Краіна небагатая, і ўмоў, каб займацца культурай было выгадна, няма. Гэта дзейнасць не лічыцца важнай і перспектыўнай. Беларусь пакуль не ўключана ў крэатыўныя і культурныя працэсы ў Еўропе на ўзроўні міністэрстваў і іншых афіцыйных структур – і гэта таксама праблема.