Што прапануюць пераможцы конкурсу «Геній-стартап»?

Міністэрства культуры Беларусі адзначыла праекты маладых творчых прафесіяналаў.

У 2016 годзе ў рамках Года культуры ў Беларусі Міністэрства культуры правяло конкурс праектаў і ініцыятыў для творчай моладзі ва ўзросце ад 18 да 31 года «Геній-стартап». Хто перамог і чаму? Якія праекты адзначыла Міністэрства культуры РБ?

Аб праектах-пераможцах «Партрэты. Гісторыя беларускай музыкі ў асобах», а таксама «Тыдзень беларускага балета «Сучасны рух» распавядаюць іх аўтары.

Аўтары

Вячаслаў Пяцько, малады беларускі кампазітар і член Беларускага саюза кампазітараў, выкладчык Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі разам з калектывам гімназіі-каледжа прапанавалі цыкл тэлевізійных перадач «Партрэты. Гісторыя беларускай музыкі ў асобах» для дзяржаўнага тэлебачання.

Яшчэ адзін пераможца – Сяргей Мікель, прапанаваў праект «Тыдзень беларускага балета «Сучасны рух». Сяргей выпускнік кафедры харэаграфіі, Вакальна-харавога факультэта Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі, уладальнік Гранд-прэміі Фонду прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.

Іх праекты «Партрэты. Гісторыя беларускай музыкі ў асобах» і «Тыдзень беларускага балета «Сучасны рух» перамаглі ў конкурсе праектаў і ініцыятыў творчай моладзі «Геній-стартап» Міністэрства культуры РБ.

Што асаблівага ў гэтых праектах? Што плануюць і прапануюць маладыя беларускія творчыя прафесіяналы?

Ідэі

На думку Вячаслава Пяцько, людзі сёння факусуюць сваю ўвагу на тым, што выгадна прадстаўлена. «А тое, што сапраўды важна, – тоне ў акіяне інфармацыі, - кажа Вячаслаў.

 - Мы, прадстаўнікі акадэмічнай музычнай культуры, у гэтай сітуацыі павінны зрабіць свой выбар. Альбо змірыцца, альбо адказаць на выклік часу, каб людзі маглі зрабіць выбар на нашу карысць». Плануецца, што тэлеперадачы праекта «Партрэты. Гісторыя беларускай музыкі ў асобах» будуць прысвечаны самым яркім фігурам сучаснай беларускай кампазітарскай школы, такім як Дзмітрый Смольскі, Сяргей Картэс, Віктар Войцік, Галіна Гарэлава і інш.

«Тыдзень беларускага балета» - такой серыі мерапрыемстваў, цэлага тыдня, прысвечанага танцу і балету яшчэ не было», - кажа Сяргей Мікель. Мэта маладога харэографа пашырыць публіку беларускага балета. «Бо існуе не толькі акадэмічны і народны танец. Ёсць сучасная харэаграфія, эксперымент, - кажа Сяргей Мікель. - Хацелася б пазнаёміць з балетам не ўцягнутых у гэты від мастацтва гледачоў. А таксама стварыць лабараторыю для прафесіяналаў, - для тых хто бачыць, разумее, ацэньвае і хоча далей развівацца», - кажа Сяргей Мікель. 

Фармат і аўдыторыя

«Партрэты. Гісторыя беларускай музыкі ў асобах» - новая тэлевізійная праграма для дзяцей і падлеткаў, якая неўзабаве можа з'явіцца на адной з дзяржаўных каналаў. «Мы разлічваем на аўдыторыю канала «Беларусь-3» і прапануем выкарыстоўваць сінтэз музыкі, жывапісу, літаратуры, геаграфічнай і гістарычнай інфармацыі. Плюс - жывое выкананне, - распавядае пра свой праект кампазітар і выкладчык Вячаслаў Пяцько. - Калі б падлеткі больш бачылі на экране і ў інтэрнэце сваіх аднагодкаў, якiя выконваюць акадэмічную музыку - цікавасць да гэтага віду мастацтва была б большая Вучні Вячаслава Пяцько, навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі, ужо гатовы выступаць і запісвацца на ТБ. «Канцэртнае жыццё – гэта норма для нашых выхаванцаў. Удзел у запісе праграмы будзе яшчэ адным цікавым вопытам», - кажа В. Пяцько.

Кожны з пераможцаў конкурсу «Геній стартап» бачыць свой праект па-рознаму. Аднак, абодва пераможцы выкарыстоўваюць адзін прыём – сінтэз розных відаў мастацтваў. Цяпер гэта модна. «Напрыклад, фотавыстава «Сімвал» - арнамент, яркі самабытны сімвал, пабудаваны з целаў танцораў. На фота атрымліваецца вельмі гарманічная гісторыя», - дзеліцца ідэяй фотавыставы Сяргей Мікель. Фотавыстава – толькі частка агульнай задумкі. Па сутнасці, праект «Тыдзень беларускага балета», які прапанаваў С. Мікель – гэта цыкл тэматычных творчых вечароў для шырокай публікі з выкарыстаннем розных прыёмаў, каб захапіць аўдыторыю танцам. Плануецца, што першы «Тыдзень беларускага балета» пройдзе вясной 2018 года.


Пляцоўка і каманда

Як важна, пачынаючы новы праект казаць «мы», а не «я», адчуваць каманду і не быць адзінокім у сваіх планах. Абодва героі могуць сказаць, што побач з імі іх калегі і сябры.

Перш за ўсё, Сяргея Мікеля і Вячаслава Пяцько падтрымалі калектывы iх навучальных устаноў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі. Зараз аўтары праектаў спадзяюцца на падтрымку партнёраў - дзяржаўнага тэлебачання і тэатральных пляцовак Мінска.

«Канцэртная зала Акадэміі музыкі, Тэатр Оперы і Балета, Музычны тэатр – без гэтых прастор не магчыма сабе ўявіць «Тыдзень беларускага балета», - кажа Сяргей Мікель.

Вынік

Харэограф С. Мікель бачыць праблему ў сваёй творчай супольнасці. Яго праект – гэта спроба адказаць і прапанаваць рашэнне. Якая гэта праблема? На думку Сяргея, беларускаму балету сёння не хапае вастрыні, актуальнасці, а ўнутры прафесіі часта перамагае «местачковасць». «Я ўпэўнены, што так было не заўсёды, - кажа малады харэограф. - Але праблема выяўляецца шмат у чым, - у выбары тэм для пастановак, у пошуку новай харэаграфіі, у фармаце правядзення мерапрыемстваў. У маладых харэографаў ёсць тэндэнцыя сыходзіць у песімістычныя настроі. Ёсць і мяккая падача вострай тэмы, і пакуты на пустым месцы і г.д. Прафесіянал абавязаны быць актуальным і надзённым. Але не ўсе цяпер ставяць перад сабой такія задачы. Часам гэта танец дзеля танца, і не болей».

«Галоўная мэта нашага праекта – гэта асветніцтва. Для мяне гэта прынцыпова, паколькі гэта пытанне майго будучага гледача, - будзе ён у мяне ці не, - кажа Вячаслаў Пяцько. - Другая мэта – гэта рэклама нашай навучальнай установы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі».  

Трэба адзначыць, што зараз Гімназія-каледж – адна з найстарэйшых устаноў дзіцячай прафесійнай музычнай адукацыі ў краіне. Яго выпускнікі, без перабольшання, самыя яркія і выдатныя музыканты краіны.

Маладыя прафесіяналы ўпэўнены, што іх творчая будучыня будзе актуальнай, багатай новымі ідэямі і іх рэалізацыяй, а прапанаваныя праекты атрымаюць сваё жыццё і стануць часткай культурнага поля Беларусі.

Other interesting stories: