Аляксей Шынкарэнка: «Наяўнасць будучыні ў творчым прадукце – вось што актуальна»

Што шукае мастак сёння ў Беларусі? Якія праблемы яго хвалююць? Дзе шляхі для развіцця? Сваімі адказамі на пытанні дзеліцца беларускі фатограф, мэнэджар творчых праектаў, дырэктар мінскага Цэнтра фатаграфіі Аляксей Шынкарэнка.

Мне важна выказваць свае думкі не словамі, а дзеяннем. Можна доўга разважаць на тэму, “якім павінна быць фатаграфічнае асяроддзе”, а можна проста стварыць яго самому. На працягу 10 гадоў я раблю тое, што пацвярджае мае думкі, дае адказы на пытанні, якія мяне хвалююць. Што патрэбна, каб фатаграфія развівалася? Патрэбна інфраструктура. Таму мы стварылі арганізацыю, – Цэнтр фатаграфіі. Гэта наш адказ.

Сімвалічны капітал

Што пастрэбна, каб культурны творчы працэс акупаўся? Мяне гэта пытанне вельмі цікавіць. Як канверсаваць сімвалічны капітал, рэпутацыю, талент, унікальнасць пагляду, імідж, вопыт, пазнавальнасць, – усё тое, што вырабляе культура? Гэта ж каштоўнасці, якія не пакрываюцца рэчыўнай абалонкай.

Сімвалічны капітал прысутнічае ў кожным культурным прадукце. У кожнага мастака ёсць свае сімвалічныя каштоўнасці, якім ён надае матэрыяльныя формы ў творчым прадукце, і, такім чынам, узаемадзейнічае з грамадствам. Здольнасці мастака, яго вопыт і веды ўвасабляюцца ў матэрыяльных формах. Мастак чымсьці абменьваецца, мае зносіны з аўдыторыяй. Як зрабіць гэтыя зносіны больш эфектыўнымі? Уцягнуць у дыялог больш удзельнікаў.

Вайна як нацыянальны брэнд

Самы прыкметны беларускі брэнд цяпер – гэта вайна, як ні дзіўна. Улічваючы наш гістарычны вопыт, тое, што перажылі беларусы, мы можам шмат чаго сказаць сусветнай супольнасці на гэту тэму.
Нам не хапае іншых брэндаў, якія маглі б стаць нашай “культурнай валютай” на сусветным рынку і праз якія мы маглі б стаць вядомымі ў сусветнай культурнай прасторы.

Я думаю, што ёсць брэнды, якія мы можам развіваць і экспартаваць. Але гэта даволі складаны працэс. Канкурэнцыя на рынку культурных каштоўнасцей вельмі высокая.

Венецыянская біенале – сусветны мастацкі форум сучаснага мастацтва, у якім захоўваецца нацыянальны ўдзел. У 2015 г. Міністэрства культуры РБ выбрала наш праект “Архіў сведкі вайны” для паказу ў Венецыі. У гэтым праекце гістарычныя падзеі асэнсоўваліся нашымі сучаснікамі. Гэта мастацтва, у якім твор ствараецца пры ўзаемадзеянні гледача з фатаграфіяй. Глядач робіцца ўдзельнікам сусветнай гісторыі на аснове лакальных дакументаў, фатаграфій, памяці пра незавершаныя падзеі. Для праекта быў выкарыстаны ўнікальны архіў, які ніхто раней не бачыў.

«Архіў сведкаў вайны»гэта куратарскі праект, ён не звязаны з асобай пэўнага мастака. Такія праекты выконваюцца камандай прафесіяналаў–аднадумцаў. Гэта даволі складаная задача, бо мастацтва і творчы прадукт, зазвычай, асацыююцца з пэўным чалавекам, – мастаком, майстрам.

Да 2015 г. павільёны Беларусі на Венецыянскай біенале прэзентавалі дзяржаўныя арганізацыі – Беларуская дзяржаўная Акадэмія мастацтваў, напрыклад. “Цэнтр фатаграфіі” быў першай прыватнай, недзяржаўнай арганізацыяй, якая рэалізавала праект такога маштабу.

Я б хацеў, каб традыцыя, калі дзяржава перадае міжнародныя праекты для рэалізацыі прыватным структурам, працягвалася. Гэта дазволіць скараціць дыстанцыю паміж дзяржаўным і прыватным сектарам, а таксама эфектыўней скарыстаць нашы агульныя рэсурсы. Няма ж “дзяржаўнай” і “недзяржаўнай” культуры. Ёсць проста культура.

Мова прагматыкі

У дзяржаве ў цэлым ёсць адно слабае звяно – гэта бюракратыя. Яна ёсць усюды. Гэта натуральны стан кожнай складанай сістэмы. Дрэнна, калі бюракратыя тармозіць працэс, як у нашым выпадку. Але яе можна пераадолець. Як? За кошт узаемадзеяння. Пачаць з таго, каб дэлегаваць частку працэдур гнуткім прыватным структурам.

Мы прывыклі думаць, што дзяржава асобна ад чалавека і аб'яднанняў. Папраўдзе, гэта не так. Мы валодаем агульным сімвалічным капіталам. Дзяржава не можа ўсім эфектыўна кіраваць, быць ва ўсім і ўсюды. Дзяржаўна–прыватнае партнёрства, у маім разуменіі – гэта пошук вузлавых кропак і працэсаў, у якіх мы можам быць карысныя і выгадныя адзін аднаму. Мова прагматыкі ў гэтым супрацоўніцтве самая эфектыўная. Выгадна – выдатна, не выгадна, ці не можаш даказаць выгаду, – ніякага ўзаемадзеяння не будзе.

«Кафэ «Культура»

Перад 2016 годам у Мінску, пры падтрымцы “Цэнтра фатаграфіі”, адкрылася “Кафэ Культура” – прастора візуальных уражанняў і эксперыментаў. Першая экспазіцыя ў кафэ была створана сумесна з “Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту”. Мы ўжо рэалізавалі некалькі сумесных праектаў.

У чым унікальнасць гэтай працы? У “Цэнтра фатаграфіі” з музеем розны сімвалічны капітал. Музей валодае велізарнымі культурнымі каштоўнасцямі. Зрабіць прыватны музей з такім жа размахам і нематэрыяльнай капіталізацыяй вельмі складана. Але мы можам абменьвацца. У нас розны вопыт і розныя магчымасці. Напрыклад, – музей не можа адкрыць кафэ ў цэнтры горада і эфектыўна кіраваць ім. Мы можам. У нас ёсць прылады для таго, каб зрабіць праект хутка, рэагуючы на бягучую сітуацыю і актуальны стан грамадства.

Наша перавага – менеджмент, гнуткасць і хуткасць рэакцыі.

Кафэ – гэта мой асабісты пошук формы крэатыўнага бізнэсу і манітэзацыі сімвалічнага капіталу. Трэба прыдумваць новыя механізмы, выходзіць з гістарычнай інэрцыі, са звыклых дзеянняў, што прапаноўваюцца застылай сістэмай.

Дадатковы кошт напояў у нашым кафэ фарміруе прастору і тое, што тут адбываецца, – рэгулярна зменныя экспазіцыі, візуальна пададзеныя тэмы, якія наладжваюць гледача на гутарку. Гэта дыскусійная прастора. У гэтым асаблівасць “крэатыўнай індустрыі” – дадатковы кошт прадукту фарміруецца за кошт каштоўнасці, якую яму дадае асоба стваральніка, творчы калектыў і наяўнасць у канчатковым прадукце сімвалічнага капіталу.

Немагчыма развіваць нацыянальную крэатыўную эканоміку ў ізаляцыі ад міравой. Таму што крэатыўная эканоміка не замыкаецца ў рамках меж. Гэта сусветны працэс. Крэатыўная эканоміка – гэта не эканоміка залежнасці, а эканоміка ўзаемадзеяння.

Будучыня

Тэма архіва і памяці па–ранейшаму застаецца актуальнай для мяне, а таксама незавершаныя канфлікты, альтэрнатывы эканоміцы спажывання і інш. Актуальным сёння робіцца пабудова мадэляў будучыні ў творчым праекце. У нас пакуль наадварот. Па маіх адчуваннях, мы апускаемся ў глыбокі ціск мінулага. Людзі жывуць, не бачачы перспектыў. Таму сёння варта займацца стварэннем праектаў, якія падахвочваюць чалавека да пошуку сваёй будучыні.

Да, будучыня нестабільная, многіх яна палохае праблемамі, крызісамі, войнамі. Але яна не закансервавана, як мінулае ў сучаснасці.

Сучасная культура не павінна ствараць ілюзорную прастору і паказваць тое, чаго папраўдзе няма. Наадварот, культура павінна быць рухавіком, мастом з мінулага, адкуль так складана вырвацца. Калі часта чуеш “мы спазніліся, і ў эканоміцы, і ў тэхналогіях, ва ўсім …”, культура павінна прапанаваць выйсце. А выйсце ёсць, і не адно. Каб яго ўбачыць, трэба шмат працаваць, думаць і ўяўляць.

 

Other interesting stories: