Чатыры складнікі развіцця крэатыўнай эканомікі ў Беларусі

Чалавечы капітал у нас добры, а вось тое, што мы робім рукамі, трэба яшчэ ўдасканаліць, каб беларускія крэатыўныя індустрыі запрацавалі як след.

Калі з традыцыйнай эканомікай у Беларусі зусім кепска, то самы час звярнуць увагу на развіццё новага канцэпту – эканомікі крэатыўнай. Гэта індустрыя знаходзіцца на стыку індывідуальнай крэатыўнасці, сучасных тэхналогій ды інтэлектуальных каштоўнасцяў. Сёння яна складае 4,5 % сусветнага ВУП, толькі ў ЕС гэта € 558 млрд.

На Сусветным эканамічным форуме ў Давосе крэатыўную эканоміку разглядаюць у якасці новай мадэлі росту, што прадугледжвае адносна невялікія першапачатковыя інвестыцыі ў “мяккую інфраструктуру” (чалавечы капітал).

Менавіта патэнцыялу для развіцця крэатыўнай эканомікі Беларусі прысвечана даследаванне эксперткі Хрысціны Фарынха, якое яна прэзентавала на беларускім нацыянальным культурным форуме “Create IT – тэхналогіі для крэатыўнай будучыні”.

1. Чалавечы капітал

Асноўным актывам крэатыўнай эканомікі з’яўляюцца людзі, менавіта яны – адзіная крыніца крэатыўнасці ды інтэлектуальнай уласнасці. Іх майстэрства, веды ды таленты і фармуюць “мяккую інфраструктуру”, патрэбную для развіцця крэатыўных індустрый.

Прыехаўшы ў Беларусь, Хрысціна Фарынха заўважыла ў нас добрую якасць  чалавечага капіталу, асабліва ў галінах, істотных для крэатыўнай эканомікі: культуры ды IT. Дарэчы, гэта таксама ледзь не адзіныя сферы, дзе добрым словам можна адзначыць і беларускую адукацыю, якая захавала пэўную школу, і неблагі ўзровень.

Мы прызвычаіліся да ініцыятыў, створаных беларусамі, і часцей канцэнтруемся на паразах альбо абмежаваннях. Між тым, як адзначае Хрысціна Фарынха,

Аднак нашая галоўная перавага ёсць і самым слабым месцам, бо пагрозай застаецца ўцечка мазгоў. З грамадскімі свабодамі ўсё дрэнна, дзяржкіраванне непразрыстае, эканамічных рэформаў няма – усё гэта б’е як па крэатыўнай эканоміцы, гэтак і па грамадству наогул. Калі не выпраўляць такіх хранічных хібаў Беларусі, то круты чалавечы капітал лёгка можна страціць.

2. Фізічная інфраструктура

Нягледзячы на прыярытэт “мяккай інфраструктуры”, крэатыўнай эканоміцы патрэбныя і былыя фабрычныя памяшканні, якія гэтак добра ператвараюцца ў крэатыўныя кластары ды творчыя прасторы. З базай для такіх ператварэнняў у Беларусі ўсё няблага. Як казаў мой сябра-экспат, які займаецца інвесткансалтынгам, гледзячы на адну з фабрык са спісу прамысловага “фамільнага срэбра” нашай краіны:

Зрэшты, развіццё паводле такога сцэнара ўжо паступова адбываецца. З моладзі ніхто і не ўзгадае, што выраблялі на МЗОР’ы (мяркуючы з назвы – Кастрычніцкую рэвалюцыю?). Аднак сёння ўсе назіраюць, як культура квітнее ў ЦЭХ’у, а тэхналагічныя івэнты – у SPACE, якія займаюць былыя фабрычныя памяшканні на вуліцы Кастрычніцкай.

Аналагічны лёс напаткаў і “Гарызонт”. Замест тэлевізараў там ужо 6 год працуюць дзеля культуры: ад першай пляцоўкі “Арт Сядзібы” і выставы “Радыус нуля” да пляцовак “Корпус 8” і “Верх”. Кампанія “Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер”, якая першапачаткова стваралася “Гарызонтам” і “Белінвестбанкам” як адказная за знос цэхаў і пабудову новага шматфункцыянальнага комплексу, пры адсутнасці інвестараў раптоўна для сябе ператварылася ў кіроўную кампанію крэатыўнага кластара.

Аднак дзяржаве, як уласніку большасці старых прамысловых пляцовак, і розным чырвоным дырэктарам яшчэ трэба вучыцца выбудоўваць адносіны з крэатыўнымі індустрыямі. Як паказвае кейс той жа “Арт Сядзібы”, якую з “Гарызонта” у свой час выгналі, лёгка тут нікому не будзе.

3. Распрацаваная культурная палітыка

Як наракала даследчыца Хрысціна Фарынха, дзяржавы часцяком працуюць кансерватыўна, падтрымліваючы толькі традыцыйную культуру і забываючыся пра крэатыўныя індустрыі. У Беларусі гэта агульная праблема кладзецца на мясцовую глебу падзелу культуры на “чэсных” і “нячэсных”, а элементы крэатыўнай эканомікі апынаюцца хутчэй на другім баку.

Зрэшты, ідэалагічнымі шорамі вузкасць дзяржаўнага погляду не абмяжоўваецца. Каб казаць пра пэўную культурную палітыку ў дачыненні да крэатыўных індустрый, патрэбны адмысловы мэпінг, то бок збор звестак і сістэмны маніторынг стану сектара. Без годнага інфармацыйнага базісу не магчыма пабудаваць эфектыўную evidence-based policy – дзяржаўную палітыку, якая грунтуецца на навукова абгрунтаваных дадзеных, а не традыцыях, ідэалогіі, інтуіцыі або асабістых меркаваннях чыноўнікаў.

4. Кансалідацыя замест падзелаў

Калі быць шчырымі, то не толькі дзяржава стварае лініі падзелу ў беларускім грамадстве. Катастрафічны недахоп даверу, які пануе сярод беларусаў, у крэатыўным сектары памнажаецца на складаны характар творчых людзей, усеагульныя амбіцыі да лідарства. Яскравы прыклад – стваральнікі “Корпус 8” распляваліся яшчэ перад тым, як іх прастора нармальна запрацавала.

Але для адвакацыі, прасоўвання інтарэсаў крэатыўнай індустрыі варта аб’ядноўвацца, адзначае партугальская даследчыца. Патрэбная распрацоўка платформаў для дыскусій ды інтэракцый прадстаўнікоў крэатыўнага сектара, бізнесу і дзяржавы.

З іншага боку, не варта зацыклівацца на адвакацыі, калі дзяржава ўпарта цябе не заўважае. Факусавацца можна ўласна на працы. Калі крэатыўны сектар будзе моцным і ўплывовым, то дзяржаве самой прыйдзецца з ім лічыцца.

The article was drawn up in cooperation with the EU-Eastern Partnership Culture and Creativity

https://ideaby.org/creative-belarus/

Other interesting stories: