Святлана Уланоўская: «Сучасны танец - «No культпаход»
У Мінску быў выпадак, калі на эксперыментальны пластычны спектакль вядомага беларускага рэжысера, настаўніца прывяла групу школьнікаў. У адным з эпiзодау спектакля на сцэне з'яўляўся аголены артыст. Настаўніца напісала скаргу, і некаторы час спектакль не паказвалі. Пасля гэтага выпадку на афішах тэатра з'явілася папярэджанне: «No культпаход».
Ці варта весці школьнікаў на эксперыментальную пастаноўку пластычнага тэатра? Танцавальны крытык і даследчык сучаснага танца з Беларусі Святлана Уланоўская лічыць, што такія пастаноўкі патрабуюць падрыхтаванага гледача і прапануць цалкам іншы спосаб камунікацыі.
- Святлана, сучасны танец для вас гэта і прадмет даследавання, і сур'ёзнае асабістае захапленне. Як вы пачалі вывучаць гэты від мастацтва?
- Гэта было зусім нечакана для мяне, паколькі мая адукацыя не звязана з танцам. Я скончыла музычны каледж як скрыпачка і дырыжор. На апошнім курсе я ўбачыла спектакль сучаснага танца і закахалася. Уражанне было настолькі моцным, што я вырашыла асвоіць іншую спецыяльнасць і заняцца даследаваннем танца. Я ўсюды насіла з сабой сшытак і вяла дзённік танцавальных назіранняў.
Спачатку я старалася зафіксаваць свае ўражанні, апісаць вобраз, які я ўбачыла ў танцы. Чытала шмат рознай літаратуры. У Беларусі з пошукам падобных кніг праблема, таму вялікую частку сваёй бібліятэкі я набыла ў Расіі і Еўропе. За мяжой крытыка сучаснага танца больш развітая, чым у Беларусі. Ёсць нават канкурэнцыя сярод крытыкаў.
- Пра што сучасны танец?
- Першапачаткова сучасны танец (contemporary dance) пра сучаснага чалавека. Гэта «фіксацыя» дадзенага – тут і цяпер – калі танец становіцца своеасаблівым сканарам псіхалагічных, сацыяльных, палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў жыцці сучаснага чалавека.
- Ці прысутнічае гэта вастрыня, надзённасць у беларускім contemporary dance?
- Шматлікім працам маладых беларускіх харэографаў, на мой погляд, уласцівы інфантылізм і банальнасьць думкі, зведзенай да меладраматычных калізій і невыразных рэфлексій «пра сваё». Сёння ў сучасным танцы Беларусі можна назіраць наступную сітуацыю: добрую тэхнічную форму дэманструюць практычна ўсе, а вось ідэй, асэнсаванасці (не кажу ўжо пра арыгінальнасць) аўтарскага выказвання адчувальна не хапае. Не хапае асэнсавання вострых, нязручных тэм, працы з сацыяльным, палітычным кантэкстам, а не толькі светам асабістых пачуццяў і перажыванняў. Вядома, я кажу не пра ўсіх, але пра характэрную тэндэнцыю.
- Магчыма, таму шырокая публіка і не ўцягнута ў гэты від мастацтва.
- Сучасны танец, як эксперыментальная практыка, не можа сабраць шырокую публіку і велізарныя залы.
- Ваш куратарскі праект называецца «Тэатр + Цела». Што азначае гэта назва і якія мэты перад сабой ставіць праект?
- «Тэатр + Цела» – гэта адукацыйны праект. Ён накіраваны на стварэнне ў Беларусі нефармальнай адукацыйнай платформы ў сферы сучасных тэатральных практык і перформансу, прэзентацыю актуальных тэатральных методык, якія застаюцца па-за кантэкстам акадэмічнага адукацыйнага працэсу.
Праект першапачаткова задумваўся для двух мэтавых аўдыторый: танцоўшчыкаў і акцёраў. Мы хацелі аб'яднаць гэтыя групы прафесіяналаў. Бо акцёры ў Акадэміі мастацтваў вучацца па даволі кансерватыўнай акадэмічнай праграме. У выніку многія выпускнікі творчых ВНУ не ведаюць, што такое перформанс, contemporary dance, постдраматычны, фізічны тэатр.
Межы тэатра і танца, як асобных відаў мастацтва, сёння нівеліруюцца. Напрыклад, на тэатральных фестывалях, як правіла, бывае вельмі шмат танцавальных спектакляў. Цела становіцца першаснай крыніцай сэнсу і пошуку ў многіх мастацкіх практыках – тэатральных, танцавальных, перформансе.
Разам са мной каардынатарам праекта з'яўляецца Марына Дашук – тэатральны менеджэр, дырэктар пластычнага тэатра KorniagTHEATRE. У рамках праекта мы маем намер запрашаць замежных спецыялістаў – вядомы харэографаў, рэжысёраў, даследчыкаў тэатра, якія будуць працаваць з беларускай аўдыторыяй.
- Што такое перформанс?
- Гэта міждысцыплінарнае паняцце, якое аб'ядноўвае ў сабе розныя віды мастацтва. Перформанс – гэта, перш за ўсё, выканаўчая практыка, акт выканання, дзеянне, падзея, якая здзяйсняецца перформерам на вачах у публікі. Не абавязкова на сцэнічнай пляцоўцы. Для перформансу неабходны цела, час, прастора і публіка. Першарадна важны дыялог, які адбываецца ў час сустрэчы перформера і публікі, нараджаецца разам з ёй і дзякуючы ёй.
- Вы кажаце, што мэты і задачы вашага праекта – гэта творчы эксперымент. Але ж эксперымент гэта нешта, што невядома як скончыцца…
- Сапраўды, праект накіраваны на развіццё творчага эксперыменту, укараненне інавацыйных тэатральных і псіхафізічных практык. Мы хочам пашырыць асабістыя магчымасці прафесіяналаў і паспрыяць іх уключанасці ў сучасныя тэндэнцыі.
- На ваш погляд, ці ёсць праблемы ў нашым грамадстве, якія перашкаджаюць успрымаць віды мастацтва і творчасці, звязаныя з целам? Гледачы могуць саромецца глядзець на цела, тым больш, калі танцоры агаляюцца…
- Безумоўна, табу ёсць. Большасць гледачоў рэпертуарных тэатраў выхаваны на акадэмічнай стылістыцы пастановак альбо на спектаклях, створаных у забаўляльна-павучальнай эстэтыцы. Многія ідуць у тэатр за забаўкай і адпачынкам. Як «на серыял» - сесці, забыцца пра свае праблемы, не думаць, адключыцца, радавацца прыгожай гісторыі «пра каханне» і вярнуцца ў сваю рэальнасць. Сучасны тэатр, і танец у тым ліку, прапануюць цалкам іншы спосаб камунікацыі, нязвыклую мову, адсутнасць лінейнага наратыву і паслядоўнага развіцця дзеяння.
Невербальная мова пластычных спектакляў можа стаць каменем спатыкнення паміж харэографам і гледачом, як і першаснасць цела, якое пазбаўляецца інтымнасці і заяўляе пра сябе ў публічнай прасторы. Сучасны танец вучыць пазбаўляцца ад стэрэатыпаў уласнага мыслення, ад шаблонаў. Я ўпэўнена, што спектакль сучаснага танца або пластычнага тэатра патрабуе ад гледача ўнутранага абнаўлення, адкрытага стану розуму і цела.
- Вы абмяркоўваеце з публікай спектаклі ў прамой дыскусіі. Навошта? Колькі людзей застаецца на абмеркаванне?
- Галоўная мэта абмеркавання – камунікацыя. Гэтыя сустрэчы ініцыююцца дзеля дыялогу. У гэтым дыялозе ёсць адукацыйная задача – актывізаваць аналітычнае мысленне гледача, наблізіць да разумення сучаснага тэатра і танца.
Як правіла, на абмеркаванне застаецца менш за палову глядзельнай залы. Бывае, што застаюцца практычна ўсе гледачы, як гэта было, напрыклад, на спектаклях форуму эксперыментальных пластычных тэатраў «ПлаSтформа Мінск-2016».
Пачынаю зносіны я, як мадэратар, а затым мы аддаём мікрафон публіцы, якая задае пытанні ці дзеліцца ўражаннямі. Галоўныя дзеючыя асобы – гэта артысты, стваральнікі спектакля і публіка. Гледачам прыемна, што іх меркаванне неабыякава.
- Якія пытанні гучаць часцей за ўсё?
- «Пра што спектакль?», «Што вы мелі на ўвазе?», «Што вы хацелі гэтым сказаць?». Вельмі часта пытанне «пра што спектакль?» вымаўляецца з прэтэнзіяй і раздражненнем.
- У чым прычына гэтай агрэсіі?
- Прычын шмат і яны носяць сістэмны характар. Гэта: адсутнасць (за рэдкім выключэннем) спектакляў у сучаснай эстэтыцы ў дзяржаўных тэатрах, ігнараванне сучасных тэатральных практык у адукацыйным працэсе, новая, пазбаўленая знаёмых арыенціраў, мастацкая мова, выхад спектакля за рамкі звыклай забаўляльнасці і «зразумеласці».
Сучаснае мастацтва падае іншую оптыку ўспрымання. Яно патрабуе ад гледача ўключанасці і інтэлектуальнай працы. Глядач нярэдка трапляе ў дыскамфортную сітуацыю, калі стэрэатыпы яго ўспрымання звужаюць эстэтычны гарызонт і перашкаджаюць разуменню і прыняццю тэатральнай пастаноўкі.
Тое, што бачыць глядач, выходзіць за рамкі чаканага і прадказальнага.
- У пластычных спектакляў ёсць сцэнарый, сюжэт?
- Сцэнарый – далёка не заўсёды, сюжэт таксама. У сучасным танцы не можа быць лінейнага развіцця гісторыі. Калі казаць пра перформанс – то тут вельмі важны момант прысутнасці «тут і цяпер», інтэнсіўнасць камунікацыі, якая ўключае ў агульны працэс і артыста, і гледача. Перформанс актуалізуе працэс, яго сітуатыўна-імправізацыйнае развіццё, а не вынік.
- Якую прыкладна аўдыторыю збіраюць спектаклі? Дзе праходзяць паказы?
- Адсутнасць пляцовак для паказаў эксперыментальных спектакляў – адна з даўніх набалелых праблем беларускай тэатральнай прасторы. Спектаклі форуму эксперыментальных пластычных тэатраў «ПлаSтформа Мінск-2016» праходзілі на розных пляцоўках Мінска – у Палацы культуры чыгуначнікаў (не толькі на сцэне, але і ў фае), Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, Нацыянальнай школе прыгажосці, выставачных залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Амаль усюды ўзнікалі пэўныя складанасці з арганізацыяй прасторы, размяшчэннем тэхнічнага абсталявання і прыстасаванняў, неабходных для паказу канкрэтнага спектакля. На жаль, большасць тэатральных пляцовак Беларусі не ў сілах справіцца з тэхнічнымі райдэрамі сучасных пастановак.
Спектаклі сучаснага танца не разлічаны на шырокую аўдыторыю. Адно з найбольш падыходных і шырока распаўсюджаных у заходніх тэатрах памяшканняў – гэта «black box» - мабільная прастора, якая збліжае сцэну і глядзельную залу і можа трансфармавацца ў залежнасці ад кожнага канкрэтнага спектакля.
- Якое суправаджэнне выкарыстоўваюцца ў пастаноўках сучаснага танца? Якая музыка, фон? Што бачыць і чуе глядач? Якія касцюмы, адзенне выкарыстоўваюцца?
- Музыка ў традыцыйным разуменні можа наогул адсутнічаць. Харэографы сёння звяртаюцца да ўсёй разнастайнасці гукавога свету, нярэдка ствараючы санорную прастору спектакля з гукаў, якія ўзнікаюць у працэсе выканання – гукаў цела артыста, яго пачашчанага дыхання, узаемадзеяння з рознымі прадметамі.
Касцюмы танцоўшчыкаў – гэта асобная тэма, тут мноства нюансаў і індывідуальных рашэнняў. Часта харэографы contemporary dance працуюць з вобразам «штодзённага цела». Калі танцоўшчык вонкава амаль не адрозніваецца ад гледачоў і выступае ў простай, нейтральнай вопратцы, якая факусуе ўвагу на целе. Ці ўвогуле без адзення. Як кажа вядомы польскі харэограф Мікалай Мікалайчык, «аголенае цела – таксама мой касцюм».
- Вы згодны з тым, што сучасны танец сёння ў Беларусі – гэта элітарны від мастацтва?
- Я думаю, што паняцці «элітарны» і «масавы» даўно страцілі сваю актуальнасць. Гэта мастацтва, якое патрабуе гледача, які думае, гатовага ператварацца, мяняцца ў працэсе ўспрымання спектакля. Галоўнае, гэта менавіта гатоўнасць да ператварэння – інтэлектуальнага, эмацыйнага, псіхалагічнага, нават цялеснага ў працэсе сустрэчы ўласнага «я» з тым, што транслюе артыст.
- Што трэба зрабіць, каб у Беларусі было больш вядома пра сучасны танец?
- Неабходна адукацыйная платформа, уключэнне разнастайных практык сучаснага тэатра і танца не толькі ў афіцыйны, але і нефармальны адукацыйны працэс. Пакуль толькі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў рыхтуе спецыялістаў у сферы сучаснага танца, - некалькі гадоў таму на кафедры харэаграфіі было адкрыта адпаведнае аддзяленне. Таксама востра не хапае цэнтра, які аб'ядноўвае, які б каардынаваў дзеянні харэографаў, калектываў, артыстаў, прадстаўляў і прасоўваў інтарэсы танцавальнай супольнасці, выконваў інфармацыйна-даследчыя задачы. Падобныя арганізацыі пасля 1989 года паўсталі практычна ва ўсіх постсацыялістычных краінах – гэта Літоўскі цэнтр інфармацыі танца, «Танец. Прага» ў Чэхіі, Derida Dance Centre у Балгарыі, Міжнародны цэнтр танца і перформансу «ЦЭХ» у Расіі і многія іншыя.
У Беларусі «танцавальная супольнасць», як і ў 1990-х, так і сёння складаецца з энтузіястаў-адзіночак.
10 фактаў пра гісторыю беларускага пластычнага тэатра ад Святланы Уланоўскай:
1. Умоўная кропка адліку ў фарміраванні новага беларускага танца гэта 1986 г. - год стварэння фальклор-тэатра «Госьціца» пад кіраўніцтвам Ларысы Сімаковіч. «Госьціца» - першы тэатр танца ў гісторыі беларускай харэаграфіі.
2. У пачатку 1990-х з'яўляецца шэраг разнастайных па форме, мысленню, разуменню цела і цялеснасці эксперыментальных танцавальных калектываў:
- група сучаснай харэаграфіі «ТАД» Дзмітрыя Куракулава 1993, Гродна,
- тэатр танца «Галерэя» Аляксандра Цебенькова, 1994, Гродна,
- група сучаснай харэаграфіі «Quadro», Іны Асламавай 1994 годзе, Гомель,
- студыя сучаснага танца «Паралелі» Анастасіі Махавай, 1996., Віцебск.
3. Паказальна, што першыя калектывы сучаснага танца ў Беларусі ўзнікалі і развіваліся ўдалечыні ад сталіцы і яе дыктату традыцый акадэмічнага балета і народна-сцэнічнага танца.
4. У 2000-х на сцэну прыходзіць новая генерацыя харэографаў і калектываў:
- Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Дыяны Юрчанка, 2002, Віцебск,
- тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I.» Дзмітрыя Залескага і Вольгі Скварцовай 2005, Мінск,
- тэатр танца «Karakuli» Вольгі Лабоўкінай, 2008, Мінск,
- тэатр танца «SKVo’S Dance Company» Вольгі Скварцовай, 2012, Мінск і інш.
5. Цікавасць да цела, пошук эксперыментальных формаў пластычнага выказвання яшчэ раней паўсталі ў тэатральным мастацтве Беларусі. У канцы 1970-х - 1980-х з'яўляецца каля дзясятка студыйных калектываў, спецыфіка творчай дзейнасці якіх звязана з разнастайнымі формамі пластычнага і пантамімнага тэатра. Аднак з усёй шматстатнасці пластычных тэатраў тых гадоў на сённяшні дзень выжыў толькі адзін – тэатр «InZhest» Вячаслава Іназемцава, 1986, Мінск.
6. Сярод новых яркіх прадстаўнікоў пластычнага тэатра Беларусі варта адзначыць «KorniagTHEATRE» Яўгена Карняга, 2010, Мінск.
7. У 1987 праводзіцца першы фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску спачатку як «Маладзёжны агляд брэйк-данса» затым, у 1990 г. - «Усесаюзны фестываль эстраднага і папулярнага танца «Белы сабака», а з 1993 - «Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі».
8. У 2017 Фестываль сучаснай харэаграфіі адзначыць сваё 30-годдзе. Віцебскі фестываль стаў першым фестывалем сучаснага танца на постсавецкай прасторы. Ініцыятар і арт-дырэктар фестывалю – Марына Раманоўская.
9. У 2013 у Мінску стартаваў Адкрыты форум пластычных эксперыментальных тэатраў «ПлаSтформа Мінск». Арт-дырэктарам форуму стаў Вячаслаў Іназемцаў.
10. 18 - 19 лютага 2017 года ў Мінску пройдзе V Адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў «ПлаSтформа Мінск-2017».