Ганна Сілівончык і Васіль Пяшкун: Холст. Масла. Інтэрнэт

Ганна Сілівончык і Васіль Пяшкун самая вядомая пара маладых мастакоў у Беларусі сёння. Мастакі актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для прасоўвання сваіх работ, адгукаюцца на цікавыя прапановы і з гумарам ставяцца да таго, што робяць.

Ганна, вы актыўна прасоўваеце свае працы ў сацыяльных сетках, вядзеце аўтарскі мастацкі блог, у вас ёсць свой сайт и амаль 16 тыс. падпісчыкаў у Facebook. Якія магчымасці сацыяльных сетак найбольш каштоўныя для мастакоў і творчых людзей?

Ганна: Такім чынам твае працы могуць убачыць значна больш людзей, чым проста на выставе. І гэта людзі з розных куткоў свету. Можна пазнаёміцца з цікавымі творчымі асобамі блізкімі па духу, атрымаць прапановы аб супрацоўніцтве.

Васіль: Праз той жа Facebook я пастаянна пазнаю новыя імёны мастакоў, бачу свежыя работы калег, якія натхняюць мяне на творчасць.

Ці завязваюцца дзелавыя кантакты праз сацыяльныя сеткі? Вы атрымліваеце прапановы, якія пасля ўвасабляюцца ў творчыя праекты? Маглі б расказаць пра самыя цікавыя?

Ганна: Гэта адбываецца пастаянна. Цяпер большасць запрашэнняў прыходзяць як раз дзякуючы інтэрнэту. Складана нешта вылучыць, як самае цікавае. Напэўна самым нечаканым была прапанова аб супрацоўніцтве ад карэйскай маркі адзення. Усё ж Паўднёвая Карэя вельмі далёкая краіна, і ў людзей там зусім іншы менталітэт і густы. Мяне прыемна здзівіла, што іх прыцягнулі і зацікавілі мае працы, проста ўбачаныя ў Інтэрнэце.

Васіль: Я значна менш актыўны інтэрнэт-карыстальнік, чым Аня. Але таксама перыядычна атрымліваю, дзякуючы сацыяльным сеткам і іншым віртуальным камунікацыях, прапановы пра ўдзел у выставах і пленэрах. Так, напрыклад, некалькі гадоў таму я трапіў на пленэр у цудоўнай Чарнагорыі.

Якія работы збіраюць больш «лайкаў», па вашых назіраннях?

Ганна: Мне складана прасачыць тут нейкую заканамернасць, але вельмі часта гэта зусім не тыя працы, якія падабаюцца мне самой і якія я лічу найбольш удалымі.

Васіль: Вядома ж асноўную масу людзей прыцягвае нешта больш яркае, жыццярадаснае. Ну ці нешта сугучнае з іх настроем, блізкае, знаёмае і вядомае. Гэтак жа «выстрэльвае» ў сацыяльных сетках, калі мастак раптам робіць нешта цалкам для сябе неўласцівае і нечаканае.

Чым онлайн-выстава адрозніваецца ад рэальнай? Ці ёсць сэнс рабіць дарагія выставачныя праекты, калі тэхналогіі прадастаўляюць бязмежныя магчымасці онлайн экспазіцыі?

Ганна: Усё ж фота, відэа і малюнак на экране не дае ўсёй паўнаты ўспрымання і не заменіць жывых зносін з прадметам мастацтва. Тым больш, сучасныя выставачныя праекты апелююць адначасова да розных органаў пачуццяў чалавека і ўключаюць у сябе візуальную, гукавую часткі, выкарыстоўваюцца нават пахі і тактыльныя адчуванні. Інтэрнэт пакуль на гэта не здольны.

Васіль: Жывапіс трэба бачыць ужывую. На фота ён выглядае зусім інакш. Нельга ўбачыць рознасць фактур, памер карціны, недакладна перадаецца колер. Ну і пры пэўным асвятленні ў правільнай выставачнай прасторы карціны ўспрымаюцца інакш, чым у захламленай майстэрні ці на фота.

Ганна, вядомая беларуская кампанія выпусціла лінію адзення з вашымі прынтамі. Вы ўзгадалі пра супрацоўніцтва з карэйскай фірмай жаночага адзення, якая таксама выпусціла лінію верхняга і ніжняга адзення з вашымі працамі, абутак і сумкі. Вы рабілі эскізы спецыяльна для гэтых заказаў?

Ганна: Не, я прапанавала працы, якія ўжо былі гатовы на той момант. І сама з задавальненнем нашу гэту вопратку. Зараз гэта беларуская кампанія абвясціла конкурс для маладых мастакоў і дызайнераў, з якімі плануе супрацоўнічаць у далейшым. Гэта вельмі прыемна. Супрацоўніцтва з кампаніяй з Паўднёвай Карэі, – так, гэта быў сюрпрыз. Яны папрасілі мяне даслаць эскізы на мой уласны выбар. Усе падышлі, толькі адну працу я зрабіла спецыяльна. Мае працы падыходзяць да жаночай вопраткі.

Ганна, Васіль, ваша творчасць вельмі розная, - каларыстыка, сюжэты, падача, манера вашых работ моцна адрозніваюцца. Як вы захоўваеце сваю індывідуальнасць, працуючы разам? Вы крытыкуеце адзін аднаго, размаўляеце пра творчыя моманты?

Ганна: Так, мы крытыкуем, ацэньваем працы адзін аднаго, але без ціску. Хутчэй раім, стараемся не ціснуць сваім меркаваннем: «калі спытаеш, – тады, скажу».

Васіль: Бывае, зойдзеш у тупік і не ведаеш, зрабіць так ці так. Аня можа параіць.

Якія асноўныя тэмы вашых работ?

Васіль: Напрыклад, вясковае жыццё. Улетку мы ездзім на пленэры, таму ў працах Ганны ёсць вясковыя хаты, куры-пеўні, бабкі, семечкі т. д. У мяне - пейзажы, прырода.   

Ганна: «Вясковыя» сюжэты часта пераклікаюцца з беларускiм фальклорам і традыцыямі. Вядома, гэта пераасэнсавана мной. Так, як я бачу сучаснае жыццё ў вёсцы. Іншая тэма – каханне, адносіны мужчыны і жанчыны. Філасофскія і маральныя праблемы, якія хвалююць любога чалавека. Напрыклад, сэнс жыцця.

Ганна, у вашых працах прысутнічаюць і вострасацыяльныя тэмы, напрыклад, фемінізм, эмансіпацыя. Як Вам удаецца такія складаныя пытанні падаць у прывабнай, казачнай манеры?

Ганна: У маіх працах адлюстроўваецца тое, што я бачу ў жыцці. Я не пралічваю, ці будзе цікава людзям маё меркаванне на нейкую пэўную тэму. Ніколі не стаўлю сабе задачы на будучыню. Гэта хутчэй асабістае. Мне так бачыцца. Гэта вельмі суб'ектыўны погляд на сацыяльныя праблемы. Так, яны мяне хвалююць, як і любога чалавека. Але ўсё вельмі суб'ектыўна.

Васіль: Гледачы бачаць гэтыя ідэі і разумеюць іх. Я думаю, што ў працах Ганны ёсць і гумар, казка. Яны не занадта сур'ёзныя.

Ганна: Я лічу, што ў жыцці не так шмат такіх сітуацый, якія з'яўляюцца сапраўднай драмай. Ну, толькі калі здараецца трагедыя з чалавечымі ахвярамі... Да ўсяго астатняга можна паставіцца з гумарам.

Васіль: Спачатку Ганна піша пяць дзіцячых, казачных прац, ёй надакучае – яна бярэ жорсткія сюжэты. Уся творчасць будуецца на кантрасце. Залежыць ад настрою. Не будзеш жа ўсё жыццё эксплуатаваць адну тэму.

Ганна: Так, я люблю паказваць кантраст, сутыкненне «чорнага» і «белага», напал і моцнае пачуццё. Калі супрацьлегласці пераплятаюцца ў складаны клубок. І ўжо не зразумела, каханне гэта ці нянавісць... Менавіта гэта ўзаемадзеянне, канфлікт, гумар і трагедыя ёсць у маіх працах.

Ганна, ваша гераіня - сучасная жанчына?

Ганна: так, жанчына, але не заўсёды.

Васіль: Гераіні Ганны жаноцкія, але часцяком уладныя. Мужчыны ў асноўным прыслугоўваюць.

Ганна: Гэта жанчыны, якіх я назіраю вакол сябе. Такія жанчыны часцей за ўсё мне сустракаюцца.

Напал і кантраст, пра які вы кажаце, стаў ідэяй вашай сумеснай выставы «Таемны пакой», якая нядаўна прайшла ў Мінску. Дзякуючы гэтай рознасці, выстава атрымалася і акадэмічнай, і дзёрзкай адначасова.  

Ганна: Звыш задача ў нашых сумесных выставах – аб'яднаць несумяшчальнае, зусім рознае. Гэта складана, але і цікава. Сваю ролю адыгрывае, і прастора дзе адбываецца выстава. Цэнтр сучасных мастацтваў у Мінску – гэта не адна вялікая зала, а шмат невялікіх памяшканняў, і гэта таксама адыграла сваю ролю. У адной зале былі працы толькі аднаго з нас, а некаторыя залы – сумесныя. Падзел быў па залах-пакоях, але не ідэйны. Мы не супрацьпастаўлялі працы адзін аднаго.

Васіль: тут галоўнае, каб былі агульныя тэмы ў працах.

А ў вас ёсць агульныя тэмы?

Ганна: Так, напрыклад, быў пакой «сталовая». У Васіля былi выстаўлены нацюрморты з натуры. У мяне – працы, дзе гэтак жа прысутнічалі элементы нацюрморта, але як дадатак да сюжэту, гісторыі, якія адбываюцца вакол.

Вы самі распрацавалі канцэпцыю выставы ці вам нехта прапанаваў? Усё ж такі гэта 11 экспазіцыйных залаў, вы разам выставілі больш за 100 прац і 11 інсталяцый.

Ганна: Ідэю выставы падказала сама прастора ЦСІ і гэтак жа імкненне аб'яднаць у нешта цэльнае нашы такія розныя з Васілём працы. Выстава называлася «Таемны пакой» і нам хацелася, каб прагулка па пакоях створанага намі дома, стала свайго роду квэстам з пошукамі ключоў ад той самай таямніцы. Мы ўкладвалі ў назву некалькі сэнсаў.

  • Першае – гэта разуменне «таемнага пакою» як месца ў душы чалавека, дзе ён хавае свае мары і надзеі, сваю ранімасць, а можа скрытыя жадання і страхі.

  • Другое – дзверы ў іншае вымярэнне, пераход у іншы свет.

  • Па-трэцяе, для нас як для мастакоў, «таемны пакой» гэта сінонім творчасці. Таму што творчасць – гэта магчымасць выказаць свае самыя патаемныя пачуцці і думкі, і прылада працы са сваімі праблемамі і страхамі, і апусканне ў іншую рэальнасць.

Васіль: Ганна ўсё прыдумала. Работы былі гатовыя. Да выставы мы спецыяльна падрыхтавалі інсталяцыі, якія зрабілі за 1-1,5 месяцы.

Вядома, што водгукі на «Таемны пакой» былі даволі супярэчлівымі …

Васіль: На нас паскардзіліся ў Міністэрства Культуры!

Ганна: Адну з наведвальніц напэўна збянтэжылі аголеныя натуры ў працах. Яна паскардзілася ў Міністэрства. Але мы не ў крыўдзе, паколькі, дзякуючы гэтай скарзе, афіцыйная дэлегацыя на чале з міністрам наведала нашу выставу.

Васіль: Былі і намеснікі міністра, і іншыя супрацоўнікі міністэрства. Яны выказалі пажаданне, каб на некаторых залах была таблічка «Дзецям да 18 гадоў не рэкамендуецца». Хоць, на мой погляд, усё было прыстойна, і ў рамках дазволенага.

У якім кантэксце жыве сучасны беларускі мастак? Ці ёсць унутраная кан'юнктура, якая садзейнічае развіццю сучаснага жывапісу? Чаго на ваш погляд не хапае?

Ганна: У нас асобна і зусім па розных законах існуюць традыцыйнае і актуальнае, ультрасучаснае мастацтва. Для мастакоў, якія выбіраюць адзін з гэтых напрамкаў, усё вельмі рознае – аўдыторыя, шляхі развіцця, пляцоўкі для выстаў, даход. Бо традыцыйнае мастацтва больш зразумела дзяржаве і легкатраўнае для людзей.

Васіль: Класіка ў жывапісе ніколі не састарэе. Яна заўсёды актуальная. Калі кажуць «ён працуе ў класічнай манеры, гэта ўжо нікому не цікава», я з гэтым абсалютна не згодны. Галоўнае, каб праца была якасная і прафесійная. Гэта ўніверсальнае правіла, як для жывапісу ў класічнай манеры, так і для ўльтрасучасных работ.

Ганна: У Беларусі я не ведаю ніводнага музея або калекцыянера, які б набываў працы відэаарта, напрыклад. Працы ў новых формах мастацтва не прадаюцца. Атрымліваецца, што максімум, на што можа разлічваць мастак, які працуе ў «новай форме» – гэта атрымаць грошы на матэрыялы. Таму ўсе арыентуюцца на традыцыйныя формы – палатно, масла, графіка, скульптура, кераміка і г.д.

Хоць я лічу, што лепшыя рэчы ў мастацтве – некамерцыйныя. Усім хочацца спрабаваць сябе ў сучасным мастацтве. Было б вельмі выдатна, калі б быў рынак прац у новых формах і актуальнага мастацтва, - мастакі маглі б сабе дазволіць рабіць маштабныя цікавыя праекты.

Аўдыторыя гатова зразумець, прыняць такія формы?

Ганна: Мастацтва – немасавае само па сабе. Мастак не арыентуецца на шырокія масы людзей. А хутчэй на свой вузкі круг. Адна справа, калі мастак свядома падстройваецца пад чаканні публікі, а іншая – калі ідэі мастака і гледача супадаюць.

Other interesting stories: