
ЗНАЁМІМСЯ З ШАСЦЮ ГАРАДАМІ, АДАБРАНЫМІ ДЛЯ ЎДЗЕЛУ Ў ІНІЦЫЯТЫВЕ «КРЭАТЫЎНЫЯ ГАРАДЫ І РЭГІЁНЫ»
Было атрымана 84 заяўкі з 6 краін Усходняга партнёрства. Вось спіс гарадоў і рэгіёнаў, адабраных для ініцыятывы «Крэатыўныя гарады і рэгіёны»:
Арменія — Сісіян (горад)
Азербайджан — Шамкір (рэгіён)
Беларусь — Светлагорск (горад)
Грузія — Мцхета-Мтыянеці (регіён)
Малдова — Аргееў (горад)
Украіна — Косаў (горад)
У гэтых гарадах і рэгіёнах нашы высокакваліфікаваныя спецыялісты правядуць збор і аналіз дадзеных, а таксама складуць на іх аснове аналітычныя схемы з выкарыстаннем самых сучасных методык. Удзельнікі атрымаюць доступ да пакета мер па нарошчванні патэнцыялу для прадстаўнікоў гарадоў / рэгіёнаў і іх жыхароў. Акрамя таго, мы прадаставім ім магчымасць супрацоўнічаць з профільнымі экспертамі і наладзіць сувязі з калегамі з іншых краін Усходняга партнёрства і краін Еўрапейскага Саюза.
Мэта ініцыятывы «Крэатыўныя гарады і рэгіёны» - прыцягнуць увагу ўсіх ключавых зацікаўленых бакоў да патэнцыялу культурнага і крэатыўнага сектараў, сабраць дадзеныя пра мясцовыя культурныя і крэатыўныя рэсурсы, а таксама прапанаваць канкрэтны комплекс мер па развіцці патэнцыялу культурных і крэатыўных індустрый, сярод якіх развіццё культурнага ландшафту, стварэнне бізнэс-кластараў, павышэнне якасці паслуг у турыстычным сектары, а таксама наладжванне трывалых партнёрскіх сувязей з падобнымі гарадамі і рэгіёнамі ў іншых краінах.
Віншуем выбраныя гарады і рэгіёны і жадаем ім паспяховага ўдзелу ў ініцыятыве, якая дапаможа ім развіць свой творчы патэнцыял.
Ніжэй выкладзена інфармацыя пра патэнцыял і праблемы кожнага з гарадоў і рэгіёнаў, якія прайшлі адбор.
Арменія — Сісіян (горад)
Горад Сісіян у Сюнікскай вобласці на поўдні Арменіі (217 км ад Ерэвана) налічвае 15 000 жыхароў, яшчэ каля 30 000 чалавек жывуць у 35 суседніх вёсках. Наша ініцыятыва створыць вялікія дадатковыя перавагі для яго з пункту гледжання размеркавання і выкарыстання абаротных сродкаў. Усталяванне партнёрскіх адносін у рэгіёне дапаможа развіваць творчы патэнцыял горада і адкрые новыя магчымасці для супрацоўніцтва. Паблізу горада знаходзяцца два помнікі нацыянальнай спадчыны: петрагліфы Ухтасару і Зорац-Карар.
У сямі кіламетрах ад горада праходзіць магістраль, якая злучае Арменію з Іранам. У горадзе і яго ваколіцах поўна пышных пейзажаў, а таксама турыстычных сцежак, якія вядуць да кляштараў, цэркваў і горных азёр. Адна з прыродных жамчужын рэгіёну – Шакінскі вадаспад - размешчаны ў 6 км ад Сісіяна. У горадзе працуе мастацкая школа мясцовага значэння, а таксама Сісіянскі філіял Нацыянальнай карціннай галерэі, Сісіянскі гістарычны музей. Таксама ў горадзе знаходзіцца «Сісіянская кераміка» - прыватная фірма, якая працуе над захаваннем рэгіянальных традыцый працы з керамікай. У Сісіяне праходзяць два штогадовыя фестывалі: Фестываль хлеба і Фестываль маліны.
Азербайджан — Шамкір (регіён)
Шамкірскі рэгіён (210 000 жыхароў, 42 000 з якіх пражываюць у аднайменнай сталіцы) быў абраны па некалькіх прычынах. Тут прысутнічаюць як відавочныя, так і «схаваныя» актывы для культурнага развіцця - будзе карысна паказаць на практыцы, як іх можна раскрыць і задзейнічаць. Варта адзначыць, што рэгіён багаты не толькі гістарычнай культурнай спадчынай - ад рэшткаў пышнага палаца Ахеменідаў перыяду V ст. да н.э. да Анненфельда, нямецкага паселішча пачатку XIX ст. і нематэрыяльнай спадчыны ашуга (апавяданняў / паэзіі / музычных традыцый і г.д.) - але і характарызуецца дынамічным развіццём інтэлектуальных рэсурсаў (сучасных адукацыйных устаноў, якія выхоўваюць цікавасць да гульні ў шахматы і іншых развіваючых гульняў).
Станоўчую тэндэнцыю ў кіраванні рэгіёну ў галіне культуры, якая заключаецца ў пастаянным павышэнні якасці працы і імкненні да міжнародных стандартаў, неабходна падтрымаць, паколькі прысутнічае жаданне істотных змен у гэтым кірунку.
Беларусь — Светлагорск (горад)
Светлагорск — горад у Гомельскай вобласці (220 км ад Мінска), насельніцтва якога складае 69 000 чалавек. Горад мае дакладнае бачанне таго, што ён атрымае дзякуючы нашай ініцыятыве. Да працэсу планавання будуць актыўна прыцягвацца мясцовыя зацікаўленыя бакі - пачынаючы з мясцовых уладаў і заканчваючы мясцовым медыя-парталам.
Галоўная праблема заключаецца ў тым, што з 90-х гадоў Светлагорск мае рэпутацыю горада з сур'ёзнымі сацыяльнымі праблемамі (у прыватнасці, ВІЧ і наркаманія), і там цяпер шукаюць магчымасці для стварэння новага іміджу горада, звязанага з моладдзю і крэатыўнасцю. Прыкладам паспяховага праекта можна назваць мясцовую ініцыятыву «Светлагорск. Мясцовы. Наш.» і яе рэалізацыю ў розных месцах грамадскага карыстання. У горадзе таксама дзейнічае некалькі графіці-ініцыятыў, праводзяцца мерапрыемствы ў грамадскіх месцах, на аўтобусных прыпынках. Таксама Светлагорск мае вопыт у рэалізацыі інтэграцыйных праектаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Грузія — Мцхета-Мтыянеці (регіён)
Мцхета-Мтыянэці - рэгіён ва Усходняй Грузіі плошчай 6 786 км2, які складаецца з пяці муніцыпалітэтаў з агульнай колькасцю насельніцтва 94 370 чалавек. Мцхета - галоўны горад рэгіёну (заснаваны ў V ст. да н.э.) - мае званне горада-музея. З-за сваёй гістарычнай значнасці і некалькіх помнікаў культуры ў 1994 годзе ён быў уключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Сярод яго найбуйнейшых гістарычных славутасцей - манастыр Джвары (VI ст.) і сабор Свеціцховелі (XI ст.). Другі горад рэгіёну Мцхета-Мтыянэці - Душэці - адзін з партнёраў праекта COMUS у Грузіі.
Галоўная магістраль Мцхета-Мтыянэці - Ваенна-Грузінская дарога - перасякае Вялікі Каўказ, злучаючы Тбілісі з гарналыжным курортам Гудауры - адным з самых папулярных месцаў для альпінізму і пешага турызму (там знаходзіцца гара Казбек (5 050 м)), а таксама некалькімі археалагічнымі помнікамі. Яна з'яўляецца адным самых цікавых турыстычных маршрутаў Грузіі. У рэгіёне дзейнічаюць шматлікія грамадскія і прыватныя прадпрыемствы культуры - напрыклад, Школа і Галерэя прыкладных мастацтваў, Фота-і кінематаграфічная студыя-школа, да 20 фальклорных ансамбляў і г.д.
Улады рэгіёну падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні з больш чым 30 грамадскімі арганізацыямі, якія гатовыя аказаць дапамогу ў рэалізацыі гэтай ініцыятывы. Варта адзначыць, што Мцхета-Мтыянэці пакуль з'яўляецца адзіным рэгіёнам у Грузіі, якія імкнуцца стаць паспяховым прыкладам рэалізацыі праграмы ААН у галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года.
Малдова — Аргееў (горад)
Аргееў — горад сярэдняй велічыні (насельніцтва — 36 000 чалавек) у цэнтры Малдовы, размешчаны ў 45 км на поўнач ад сталіцы рэспублікі — г. Кішынёў. Ён стаіць на рацэ Рэут (праз яго праходзіць унутраны маршрут Кішынёў-Бельцы) і з'яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Аргееўскага раёна. Яго агульная плошча складае 1 402 га, з якіх 184 га займае гарадская забудова.
У Аргееве і ваколіцах знаходзіцца мноства маляўнічых ландшафтаў і аб'ектаў культурнай спадчыны, сярод якіх 63 гістарычныя помнікі, дом культуры, 7 бібліятэк, дзве школы мастацтваў, этнаграфічны музей і дом творчасці для дзяцей. У горадзе таксама працуюць дзевяць аматарскіх мастацкіх калектываў, якія займаюцца ў асноўным традыцыйным дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.
Горад першапачаткова знаходзіўся ў мясцовасці, вядомай цяпер як Стары Архей, што паміж вёскамі Трэбужэны і Бутучэны ў 18 км на паўднёвы ўсход ад цяперашняга Аргеева. У гэтай гістарычнай мясцовасці знаходзіцца мноства помнікаў прыроды і археалогіі, а таму яна з'яўляецца істотнай дадатковай перавагай для горада ў рамках ініцыятывы «Крэатыўныя гарады і рэгіёны», асабліва з пункту гледжання турызму і забаў.
Украіна — Косаў (горад)
Косаў — гэта маляўнічы гарадок на Гуцульшчыне – край высокіх украінскіх Карпат, горных рэк і свежага паветра. Гэты ўкраінскі горад з'яўляецца раённым цэнтрам Івана-Франкоўскай вобласці, і калісьці быў курортным. З улікам бліжэйшых вёсак, насельніцтва Косаўскага раёна складае больш за 15 000 чалавек. Маленькі Косаў, які прытаіўся ў даліне ракі, стаў сінонімам салідных, высакаякасных вырабаў гуцульскіх рамеснікаў. Яны прадаюцца на знакамітым косаўскім рамесным рынку і вырабляюцца ў навакольных гарах, а таксама ў Косаўскім інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва, у які сцякаецца моладзь з усёй краіны. У гэтым інстытуце таксама ёсць уласны невялікі музей, але каб даведацца больш пра мастацкія традыцыи гуцулаў, лепш наведаць Музей мастацтва і побыту Гуцульшчыны.
Косаў славіцца сваімі выдатнымі майстрамі, якія не толькі ствараюць прыгожыя рэчы, але і захоўваюць нацыянальныя традыцыі ў вышыўцы, кераміцы, ткацтве, каванні і роспісу маляванак, ствараючы вырабы з дрэва, воўны і лёну. У горадзе Косаў знаходзіцца былы Мастацка-вытворчы камбінат, але цяпер гэта толькі закінутая прамысловая зона. Каля горада знаходзіцца некалькі крэатыўных цэнтраў, якія выкарыстоўваюцца для адукацыйных мэт і мерапрыемстваў: «Хата-Майстэрня» і «Дзедава хатчына».