
Яўген Мацюта (Cowek): «Мастак мае права ўносіць змены ў гарадское асяроддзе»
- Яўген, чаму вы выбралі street art і манументальны жывапіс? Як гэты кірунак сучаснага мастацтва цяпер развіваецца ў Беларусі?
- Асабіста мяне мастацтва street art прываблівае сваімі памерамі. Малюнак выяўляецца на фасадах будынкаў. Гэта азначае вялікую адказнасць мастака за сваю працу. Вуліца для мяне гэта яшчэ адна пляцоўка для рэалізацыі сваіх ідэй. Яе ўнікальная атмасфера мяне і прыцягвае.
Прайшло ўжо 4 гады як гэты від сучаснага мастацтва напоўніў нашы гарады. У Мінску і не толькі з'явіліся працы як беларускіх, так і замежных street art мастакоў. Некалькі прац, выкананых імі, названы лепшымі ў сусветных рэйтынгах. Але і нашы мастакі, хоць і з меншым вопытам і навыкамі, не саступаюць замежным калегам. Складанасць у тым, што ў Беларусі пакуль няма дастатковай колькасці пляцовак, фестываляў і падтрымкі, якую атрымліваюць мастакі-муралісты ў іншых краінах. Але можна сказаць, што за гэтыя гады мы ўзялі вельмі добры старт.
- У чым адрозненне street art ад графіці? Што цяпер модна ў гэтым кірунку?
- Графіці – гэта проста тыражаванне і напісанне свайго імя. Графіці – гэта шрыфт. Street art – гэта від мастацтва, якое мае сацыяльны характар. Street art арыентаваны на дыялог з гледачом і часта выклікае бурную рэакцыю ў грамадскасці.
Што зараз модна? Складана сказаць. Свет насычаны яркімі малюнкамі, якія часам не нясуць у сабе ніякай ідэі. Можна сказаць, што сам street art сёння ў модзе. Цяпер модна распісваць фасады.
- Пра якія праблемы вы размаўляйце з аўдыторыяй з дапамогай сваіх карцін. Што б вы хацелі сказаць жыхарам гарадоў у Беларусі? Якія сюжэты, тэмы, вобразы, героі актуальныя для Вас і для беларускага (мінскага) стрыт-арта ў цэлым?
- У маіх працах няма агрэсіі, няма палітыкі, няма гучных слоў ды праблем. Мяне натхняюць мае родныя і блізкія, сябры, прырода, усё тое, у чым цячэ жыццё, што прасякнута любоўю і святлом.
Часам я сам не разумею, што я малюю, усё адбываецца на падсвядомым узроўні. У працах я паказваю ўзаемадзеянне чалавека і навакольнага свету, гармонію і цуды, якія могуць адбывацца, калі жыць у згодзе з прыродай. У ролі галоўнага героя выступаюць старцы, надзеленыя мудрасцю. Яны выступаюць пасрэднікамі паміж апавяданнямі на сценах і тымі, хто на гэту сцяну глядзіць. Мае малюнкі напоўнены філасофіяй і духам тых месцаў, дзе я вырас і жыву. Лясы, паркі, дзе я праводзіў шмат часу, пакінулі адбітак у маіх працах. Паездкі на фестывалі, сумесная праца з іншымі мастакамі таксама натхняюць на творчасць. Я выкарыстоўваю нашу нацыянальную сімволіку, арнаменты, факты з гісторыі таго месца, дзе знаходзіцца работа. Я думаю, што цяпер у мастакоў з Беларусі і тых, хто прыязджае сюды, ёсць вялікая цікавасць да беларускай гісторыі і фальклору. Часта мастакі выкарыстоўваюць нацыянальныя арнаменты і сімвалы. Мне гэта вельмі падабаецца, гэта вельмі радуе.
- Вашы працы ўбачаць (нават таго не жадаючы) многія гараджане. Ці можа мастак змяніць гарадское асяроддзе?
- Я стараюся пісьменна абыграць тое месца, дзе знаходзіцца будынак або невялікая сцяна. Рэльеф сцяны часцяком дапамагае знайсці сюжэт, а затым цікава яго ўпісаць. Малюнак павінен дапаўняць архітэктурны ансамбль, які склаўся, а не руйнаваць яго, хоць я дапускаю дзёрзкае ўмяшанне, так як часам гэта неабходна.
Мастак мае права ўносіць змены ў гарадское асяроддзе, ён можа яго ажывіць, і не заўсёды яму важны адказ ад гледача. Кожны глядач застанецца пры сваім меркаванні, станоўчым або адмоўным. Гэта наогул не важна. Важна, што праца выклікала ў яго рэакцыю ў адказ.
- У Мінску быў выпадак, калі на працу стрыт-арт «Чалавек без твару» паскардзіліся мясцовыя жыхары з-за дэпрэсіўнага характару малюнка. Як Вы лічыце, працу трэба замаляваць ці пакінуць? Ці трэба атрымліваць дазвол на стварэнне стрыт-арта ў Беларусі?
- Гэта праца была зроблена ў рамках фестывалю «Гарадскія легенды», які арганізавала супольнасць беларускіх street art мастакоў Signal, восенню 2015 года. Аўтары з усяго свету прыязджалі ў Мінск без эскізаў. Яны некалькі дзён вывучалі горад, знаёміліся з людзьмі, і на аснове сваіх уражанняў распрацоўвалі сюжэт працы, які затым рэалізоўваўся на фасадзе будынка. Мастак з Грэцыі INO, вядомы ва ўсім свеце, так убачыў наш горад і яго жыхароў. Выкарыстоўваючы сваю аўтарскую тэхніку ён адлюстраваў «Чалавека без твару». Тое, што праца выклікала рэзананс, гэта вялікі плюс, я лічу. Калі б гэта праца не з'явілася, усе б сядзелі па сваіх кватэрах. А тут людзям далі нагоду выйсці і выказаць сваё меркаванне. Паднялося столькі шуміхі, і гэта вельмі выдатна. А мне праца падабаецца. Ёй месца быць у гарадскім асяроддзі. Так, яна вельмі дзёрзкая, але street art павінен выклікаць эмоцыі. У INO гэта выйшла!
- Вы з'яўляецеся адным з заснавальнікаў супольніцтва «Signal». Калі ўзнікла арганізацыя?
- Супольнасць Signal з'явілася ў 2011 годзе. Зараз працай супольнасці займаецца Алег Ларычаў. За гэты час прайшлі выставы, у тым ліку і сумесна з Музеем сучасных мастацтваў і Цэнтрам сучасных мастацтваў у Мінску. Мы правялі некалькі фестываляў «Must Act -Must Art», «Гарадскія легенды» і інш... Работы ўдзельнікаў засталіся ў Гродне, Магілёве, Гомелі, Рагачове, Баранавічах. У перыяд з 2012 па 2015 гг. мы з калегамі праводзілі лекцыі і майстар-класы, на якія запрашалі мастакоў з бліжняга і дальняга замежжа.
На дадзены момант у Signal працуць больш за 20 стрыт-арт і графіці мастакоў. Мы займаемся арганізацыяй фестываляў, узгадненнем эскізаў, шукаем фінансавую падтрымку, робім усё, каб фестываль, майстар-клас, лекцыя або выстава адбыліся. Я сачу за тым, каб група Signal у сацыяльных сетках папаўнялася свежым і цікавым матэрыялам і сам удзельнічаю ў фестывалях, выставах і лекцыях як мастак. Мы дапамагаем мастакам, якім патрэбна дапамога ў роспісе фасадаў. Гэта часта адбываецца, калі аб'ект складаны, або замежны мастак прыязджае на кароткі час і яму фізічна складана зрабіць працу ў адзіночку.
Signal ствараўся як некамерцыйная арганізацыя, задачай якой было аб'яднаць street art мастакоў у супольнасць. У 2012 годзе выпусцілі першы ў нашай краіне альбом-альманах беларускага street art, у якім мы сабралі лепшыя працы гэтага жанру сучаснага мастацтва ў Беларусі. Альбом выйшаў на нашы асабістыя сродкі.
- Ці трэба дазвол адміністрацыі горада ці раёна, каб выканаць працу street art?
- Так, такі дазвол неабходны. Калі Signal арганізоўвае фестываль то, мы бяром на сябе ўсе арганізацыйныя функцыі, у тым ліку ўзгадненне эскіза ў адміністрацыі горада. Калі мастак сам захоча распісаць аб'ект, то працэдура ўзгаднення ўскладняецца. Гэта яго прыватная ініцыятыва. Працэс хаджэння па кабінетах займае шмат сіл і часу.
- Колькі мастакоў цяпер працуе ў жанры street art у Беларусі?
- На дадзены момант у нашай краіне каля 10 актыўных street art мастакоў. Ёсць тыя, хто перабраўся за мяжу, але ўсё працуюць на вуліцы. Часта яны прыязджаюць на нашы фестывалі, як удзельнікі.
- Вы працуеце пад псеўданімам. Чаму? Што азначае імя Cowek?
- Я не заўсёды выкарыстоўваю свой псеўданім. Часам я проста не падпісваю свае працы, бо не лічу гэта неабходным. Мой псеўданім гэта проста набор літар, якія мне падабаюцца і ніякага значэння ён не нясе. У бліжэйшы час я вярнуся да свайго імя і прозвішча, таго, што мне далі мае бацькі, і я лічу гэта правільным рашэннем!
- Якую сцяну вы марыце распісаць?
Мару зрабіць некалькі дастойных фасадаў, як у нас, так і за мяжой. Такіх месцаў хапае, галоўнае, каб сцяна мела сваю фактуру, паблізу знаходзіўся парк ці сквер. Ідэальнае месца для маёй працы – гэта хатка ў вёсцы, сцяна ў парку або закінуты ангар у лесе. Аб'ект павінен быць з блізкай для мяне атмасферай.
----
Яўген Мацюта (Cowek), нарадзіўся ў г. Ліда, Гродзенская вобласць. З 2003 па 2007 вучыўся ў мастацкім вучылішчы ім. Глебава, Мінск. У 2013 годзе скончыў Беларускую Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Скульптура». Арганізатар і ўдзельнік розных выстаў, фестываляў і майстар-класаў, як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. У жанры муралізма і манументальнага жывапісу працуе з 2012 года. Работы Яўгена Мацюты ёсць у Гданьску (Польшча), Ярэмчы (Украіна), у беларускіх гарадах Лідзе, Баранавічах, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Мінску і інш. Яўген адзін з заснавальнікаў супольніцтва мастакоў «SIGNAL», якое прасоўвае мастацтва street art у Беларусі.