ЯК РАЗВІЦЦЁ КУЛЬТУРНАЙ І КРЭАТЫЎНАЙ СФЕРЫ МОЖА ЗМЯНІЦЬ БЕЛАРУСЬ ПРАЗ 5 ГАДОЎ

“У краінах ЕС сфера культуры мае вельмі вялікае значэнне. Напрыклад, у сферы культуры занята больш людзей, чым у машынабудаванні. Лічыцца, што ў Вялікабрытаніі крэатыўная індустрыя зарабляе 11 млн. еўра ў дзень. Мы жадаем падзяліцца гэтым вопытам з краінамі Ўсходняга Партнёрства і Беларусі”,– такімі словамі адкрыў мінскую сустрэчу Цім Уільямс, кіраўнік Праграмы “Культура і крэатыўнасць”, спецыяліст у сферы навучання (Вялікабрытанія).

Прэзентацыя Праграмы сабрала ключавых прадстаўнікоў крэатыўнага сектара Беларусі.

“Мы спадзяёмся, што новая Праграма пазнаёміць нашых дзеячаў культуры з перадавымі сусветнымі практыкамі, дазволіць сфармаваць сетку культурных лідараў у Беларусі і будзе спрыяць павышэнню ўплыву культуры на грамадства”, - сказала Аліна Дзеравянка, каардынатар Праграмы ЕС “Культура і крэатыўнасць” у Беларусі.

Па словах А. Дзеравянка, у Беларусі ёсць бар'еры ў камунікацыі ўнутры культурнай сферы: “Музыканты ведаюць пра музыкантаў, тэатралы – пра тэатралаў, але вельмі мала магчымасцяў для міжсектарнага супрацоўніцтва. Гэта Праграма можа стаць адной з пляцовак для такога ўзаемадзеяння і паспрыяць больш інтэнсіўнаму супрацоўніцтву прадстаўнікоў крэатыўнай індустрыі”.

Каардынатар таксама адзначыла, што пад тэрмінам “крэатыўная індустрыя” ўдзельнікі Праграмы ЕС “Культура і крэатыўнасць” разумеюць сферы культуры, якія можна развіваць у адпаведнасці з правіламі прадпрымальніцтва і бізнесу.

Падчас абмеркавання ўдзельнікам было прапанавана падзяліцца на групы і разам падумаць, як развіццё культурнай і крэатыўнай сферы можа змяніць Беларусь праз 5 гадоў? Як культура і крэатыўнасць могуць паўплываць на грамадства? Кожная група прэзентавала свае вынікі.

Уладзіслаў Вялічка,дырэктар кансорцыума “ЕўраБеларусь” (Мінск), прэзентаваў групу, у якой працавала 10 чалавек. “Мы ўвесь час заўважаем, што месца культуры – недзе пад канец спіса прыярытэтаў. Хацелася б, каб праз 5 гадоў культура стала прынамсі адной з раўнапраўных сфер жыцця, якой надаюць такую ж увагу, як эканоміцы, палітыцы і дэмаграфіі. Калі гэта адбудзецца – гэта ўсе заўважаць. Напрыклад, пра культурнае жыццё будуць расказваць у першыя 10 хвілін выпуску навін, а не ў апошнія тры…”

Удзельнікі прэзентацыі адзначылі неабходнасць стварэння ў Беларусі нацыянальнай групы лабіявання, якая б спрыяла пасоўванню прыярытэтаў культурнай сферы ў грамадстве  і паўплывала б на дзяржаўную палітыку.

“У такую групу могуць увайсці прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый, бізнесу і незалежныя дзеячы, – кажа Ганна Чыстасердава, арт-дырэктар Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” (Мінск). – Прадметам гутаркі маглі б стаць падатковая палітыка, большае ўцягванне дзяржаўных структур, змена заканадаўства і рэгіянальнае развіццё”. 

Алена Агарэлышава, спецыяліст па праектах у Інфармацыйна-асветніцкай установе “Новая Еўразія” (Мінск), лічыць, што развіццё крэатыўнай індустрыі можа змяніць імідж Беларусі. Але пакуль гэтага не адбываецца.

“Праблема ў тым, што грамадства не заўсёды ведае, што выходзяць новыя кнігі, праходзяць культурныя фэсты. Чаму так? Таму што ў менеджараў культуры і творчых дзеячаў няма спецыялізаванай адукацыі, ведаў у вобласці маркетынгу і менеджменту і навыкаў прыцягнення аўдыторыі. Для кожнага новага праекта неабходны сродкі, а гэта пошук спонсараў, стварэнне бізнес-плана … І зноў мы натыкаемся на недастачу ведаў. Папаўненне гэтых прабелаў у адукацыі – гэта тое, чаго б мы хацелі дасягнуць праз 5 гадоў”, - кажа яна.

Адукацыя, набыццё новага вопыту і павелічэнне патэнцыялу крэатыўных і культурных індустрый з'яўляюцца аднымі з прыярытэтных кірункаў Праграмы ЕС “Культура і Крэатыўнасць”. Плануецца, што ў рамках Праграмы ў Беларусі ў хуткім часе палепшыцца клімат для творчай і культурнай дзейнасці, будзе сфарміраваны агульны план дзеянняў, а беларускій культурныя ініцыятывы атрымаюць старт у культурнай прасторы Еўрапейскага Саюза.

 

Other interesting stories: