
КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ: ВЫКЛІКІ І РЭКАМЕНДАЦЫІ
Пяць асноўных праблем і выклікаў для галіны
1. У Беларусі адсутнічае інстытуалізаваны агент новага мыслення адносна магчымасцей выкарыстання сацыяльнага, эканамічнага і культурнага патэнцыялу спадчыны.
Неабходна крытычнае асэнсаванне бягучых тэндэнцый, распрацоўка і прыняцце рашэнняў па кіраванні спадчынай, заснаваных перадусім на даследаваннях, а не ідэалагічных ці нават каштоўнасных устаноўках.
2. У адносінах паміж актарамі наконт спадчыны склаўся высокі ўзровень канфліктнасці. Грамадскія ініцыятывы канфліктуюць з органамі выканаўчай улады, бізнэсам і будаўнікамі.
Неабходна выпрацоўка мадэляў устойлівага супрацоўніцтва і абмену паміж недзяржаўнымі і дзяржаўнымі арганізацыямі для сумеснага вырашэння праблем развіцця галіны.
3. Праца са спадчынай усё яшчэ ўспрымаецца як нешта з вобласці «дабрачыннасці» ці сацыяльна-культурная павіннасць. Спадчына не ўсведамляецца ў якасці драйвера развіцця тэрыторый, не бярэцца пад увагу яе вялікі патэнцыял для міжсектаральнага супрацоўніцтва.
Неабходна ўскладненне і дыверсіфікацыя спосабаў уключэння спадчыны ў эканамічныя адносіны, а таксама ўзбагачэнне рэстаўрацыйных / музейных праектаў мэтамі, звязанымі з эканамічным і сацыяльным развіццём.
4. Назіраюцца рудыменты кліентэлісцкіх савецкіх мадэляў аховы спадчыны.
Неабходна далейшае развіццё грамадска-дзяржаўнага партнёрства і нарошчванне патэнцыялу рэгіянальных грамадскіх арганізацый і дзяржаўных устаноў да ўзроўню, які дазваляў бы генераваць якасныя праекты, рэлевантныя мэтам развіцця; праца з канкрэтнымі супольнасцямі спадчыны і ўлік іх меркавання; развіццё сацыяльнай інклюзіі.
5. Нематэрыяльная культурная спадчына ў Беларусі пераважна монаэтнічная, традыцыйная, сельская. Спадчына іншых этнічных груп, а таксама спадчына гарадской культуры прадстаўлена недастаткова.
Неабходная дыверсіфікацыя спадчыны і выкарыстанне яе для развіцця міжрэгіянальнага, міжкультурнага ды міжнароднага абмену.
Лічбы
• Спадчына Беларусі ўключае 5553 гісторыка-культурных каштоўнасцяў, з якіх 1820 - аб'екты архітэктуры і горадабудаўніцтва, 2263 - археалогіі, 62 - мастацтва, 1203 - гісторыі, а таксама 89 матэрыяльных рухомых і 112 нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
• Усяго ў Беларусі 6 691 дзяржаўная ўстанова культуры.
• У сістэме Міністэрства культуры функцыянуе 151 музей.
• У Беларусі дзейнічаюць больш за 700 няўрадавых арганізацый і фондаў, так ці інакш закранаюць у сваёй дзейнасці розныя віды спадчыны.
У справаздачы вы таксама знойдзеце аналіз праблем, з якімі сутыкаюцца дзяржаўныя і недзяржаўныя ўстановы
- Сацыяльны патэнцыял. Ключавыя актары галіны ў Беларусі ўжо маюць пазітыўны досвед адпаведных лепшых практык (праца з супольнасцямі спадчыны, стымуляванне і падтрымка грамадскіх ініцыятыў, сацыяльная інклюзія і мабілізацыя). З прыняццем у 2017 г. «Кодэкса аб культуры» пазначылася тэндэнцыя да дэцэнтралізацыі кіравання спадчынай. Як сярод недзяржаўных, так і сярод дзяржаўных арганізацый (але не паміж імі) ўжо створаны сеткі для абмену інфармацыяй і распаўсюду лепшых методык. Асабліва варта адзначыць шырокую сетку дзяржаўных устаноў культуры, якія маюць напрацаваныя сувязі з грамадскасцю.
Разам з тым, большасць арганізацыяй (і дзяржаўных, і недзяржаўных) выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці падыход top-down (зверху ўніз), іх мерапрыемствы носяць адукацыйны і нават павучальны характар. Рэгіянальныя арганізацыі не валодаюць рэсурсамі, што дазволілі б ім распрацоўваць якасныя праекты, патрабуюць метадычнай дапамогі. Іх дзейнасць неабходна ўзбагачаць дадатковымі сэнсамі, рэлевантнымі новым мэтам рэгіянальнага развіцця. Нажаль частыя канфлікты па лініях грамадскія ініцыятывы – органы выканаўчай улады, грамадскія ініцыятывы – бізнэс, грамадскія ініцыятывы – рэстаўратары.
- Эканамічны патэнцыял. Беларусь мае досвед удалага выкарыстання спадчыны ў якасці інструмента развіцця населеных пунктаў і тэрыторый (Нясвіж, Гальшаны, Брэст); ёсць прыклады ўдалага бізнэсу; прадуктыўнага міжгаліновага супрацоўніцтва (у першую чаргу, у галіне аграэкатурызму) і прыцягнення грантавых (спонсарскіх) сродкаў. Пералічаныя ў справаздачы паспяховыя практыкі кажуць аб наяўнасці кола экспертаў і прафесіяналаў, якія маюць вопыт вырашэння новых нестандартных задач.
Аднак усё гэта толькі пачатак шляху. Большасць спосабаў уключэння спадчыны ў эканамічныя адносіны заснаваны на самых простых схемах – абслугоўванне турыстаў і продаж сувеніраў. Складанейшыя стратэгіі ўжываюцца рэдка. Патэнцыял спадчыны ў эканамічнай сферы толькі пачынае ўсведамляцца. Большая частка ўкладанняў у захаванне робіцца інтуітыўна, без выпрацаванай метадалогіі ацэнкі вынікаў. Не вядзецца маніторынг развіцця прадпрымальніцтва і іншых эканамічных паказчыкаў. Праца са спадчынай застаецца «дабрачыннасцю» ў большай ступені чым інвестыцыяй.
- Культурны патэнцыял. Праца са спадчынай у Беларусі з'яўляецца часткай забеспячэння доступу грамадзян да культуры. Праекты, звязаныя са спадчынай, здзяйсняюць унёсак ва ўмацаванне ідэнтычнасці, развіццё / самаразвіццё і пашырэнне кругагляду. Вывучэнне мясцовай і нацыянальнай спадчыны ўключана ў навучальныя праграмы ў школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. Зварот да спадчыны – асабліва ў малых гарадах – адна з нешматлікіх магчымасцей уключэння творчых людзей у культурны працэс.
Тым не менш, спадчына ў Беларусі замест рэалізацыі сваіх шматлікіх яднальных і развіццёвых функцый застаецца або індывідуальным хобі / захапленнем, або сродкам задавальнення навуковай цікавасці, або фонам для забаў. Часта спадчына – гэта тое, чаму аддаецца рытуальная даніна павагі без рэальнага прысваення і пераасэнсавання. Прызнаная нематэрыяльная спадчына – пераважна монаэтнічная, традыцыйная, сельская.
Рэкамендацыі
• Неабходна стварыць арганізацыю, якая спрыяла б станаўленню новага погляду на працу са спадчынай, што мае значны сацыяльны, эканамічны і культурны патэнцыял. Для гэтага трэба распаўсюджваць інфармацыю аб лепшых замежных і беларускіх практыках, забяспечыць гарызантальную камунікацыю паміж гульцамі сектара, праводзіць маніторынг канфліктаў, арганізоўваць метадычныя семінары і даследаванні.
• Выпрацаваць мадэлі ўстойлівага супрацоўніцтва паміж мясцовымі недзяржаўнымі і дзяржаўнымі арганізацыямі. Для таго каб прыцягнуць гранты патрэбна кансалідацыя.
• Запусціць праекты, арыентаваныя на падтрымку і актуалізацыю пэўных супольнасцяў спадчыны. Неабходна ўключыць іх у працэс прыняцця рашэнняў, а не пакідаць пасіўнымі назільнікамі. Пры гэтым патрэбна экспертная падтрымка, як страхоўка ад прыняцця паспешных неаптымальнай рашэнняў.
• Распрацаваць і аказваць падтрымку праектам інтэгратыўнай рэстаўрацыі. Гэта прадугледжвае актуалізацыю лакальнай спадчыны, павышэнне кваліфікацыі мясцовых жыхароў, стварэнне працоўных месцаў, малых прадпрыемстваў і распаўсюджванне сучасных рэстаўрацыйных тэхналогій з улікам мэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.
• Падрыхтаваць рэкамендацыі па эканамічнаму выкарыстанню спадчыны, у тым ліку па рэабілітацыі закінутых аб'ектаў. Распрацаваць методыку міжгаліновага ўзаемадзеяння па розных відах спадчыны і розных мэтах яе выкарыстання.