2016 год у Беларусі аб'яўлены Годам культуры

Год культуры ў Беларусі павінен садзейнічаць з'яднанню нацыі, стаць часам духоўнага прарыву і выхаду на новы ўзровень стратэгічнага асэнсавання задач дзяржаўнай культурнай палітыкі, распрацоўкі Асноў развіцця духоўнай культуры Беларусі на працяглую перспектыву.

2016 – год важных знамянальных дат у гісторыі Беларусі, юбілеяў дзеячаў айчыннай культуры – Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Уладзіміра Мулявіна. Набліжаецца і яшчэ адна выдатная дата – 500-годдзе выхаду першай кнігі беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Неабходна, каб гэтыя падзеі набылі шырокае міжнароднае гучанне, а імёны юбіляраў сталі арыенцірам для сучаснай моладзі.

Рэспубліка Беларусь – гэта краіна, дзе сфера культуры з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі. Культура і мастацтва маюць сусветную падтрымку дзяржавы. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка неаднаразова адзначаў, што «культура – гэта стратэгічны рэсурс нацыі, які прасвятляе соцыум, садзейнічае фарміраванню светапогляду чалавека, яго шкалы маральных крытэрыяў». Таму ў дзяржаўнай дактрыне Рэспублікі Беларусь асаблівую ўвагу надаюць ролі нацыянальнай культуры.

Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры: мэты, задачы, прыярытэты

Дзяржаўная палітыка ў галіне культуры засноўваецца на прызнанні культуры адным з галоўных фактараў самабытнасці беларускага народа і іншых нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, пераемнасці пакаленняў, а таксама асновай развіцця і самарэалізацыі асобы, адукацыі і выхавання дзяцей і моладзі.

Асноўнымі мэтамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры з'яўляюцца:

  • забеспячэнне і ахова канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыцці;
  • устанаўленне гарантый свабоды мастацкай творчасці і іншай творчай дзейнасці;
  • спрыянне захаванню, развіццю і распаўсюджванню культуры на карысць інтарэсаў чалавека і грамадства;
  • сацыяльная ахова работнікаў культуры і творчых работнікаў;
  • ахова грамадскай маралі, зацвярджэнне гуманістычных ідэй і высокіх маральных пачаткаў у грамадскім жыцці;
  • развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры.

Прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры з'яўляюцца:

  • захаванне, развіццё і распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры і мовы;
  • стварэнне, распаўсюджванне і папулярызацыя твораў мастацкай літаратуры і мастацтва для дзяцей і моладзі;
  • стварэнне ўмоў для эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі;
  • папулярызацыя класічных твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, іншых эстэтычных і маральных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры;
  • забеспячэнне функцыянавання і развіцця культуры ў сельскай мясцовасці.

У чым канкрэтна заключаецца рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры?

За 20-гадовы перыяд незалежнасці Рэспублікі Беларусь дынамічнае развіццё атрымалі ўсе галоўныя кампаненты нацыянальнай культуры:

1. Гісторыка-культурная спадчына.

2. Прафесійнае мастацтва.

3. Традыцыйная народная творчасць.

4. Клубная дзейнасць.

5. Бібліятэчная і музейная справа.

6. Сфера кінематаграфіі.

У краіне функцыянуе разгалінаваная сетка ўстаноў культуры – каля 7 тысяч арганізацый, якая ў значнай ступені забяспечвае даступнасць культурных даброт для беларускіх грамадзян.

Законы і дзяржаўныя праграмы ў галіне культуры

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае шэраг законаў, якія рэгламентуюць узаемаадносіны дзяржавы і культуры («Пра культуру», «Пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны», «Пра бібліятэчную справу», «Пра музеі і Музейны фонд», «Пра народнае мастацтва, народныя промыслы (рамёствы)», «Пра творчыя саюзы і творчых работнікаў», «Пра кінематаграфію»).

У гэтым годзе мы будзем казаць пра культуру ў шырокім разуменні гэтага слова - палітычную і прававую, культуры быту і вытворчасці, сям'і і чалавечых адносін.

У 2016 годзе ў Беларусі будзе прыняты першы і адзіны ў свеце Кодэкс пра культуру. Гэты дакумент павінен спрыяць павышэнню якасці дзяржаўнага рэгулявання ў сферы культуры, стварэнню максімальна спрыяльных умоў для задавальнення духоўных патрэб людзей.

Асноўныя прынцыпы, мэты, прыярытэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры сфармуляваны ў Законе «Пра культуру ў Рэспубліцы Беларусь». Гэта комплекс мер, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь:

  • для захавання, развіцця і распаўсюджвання культуры;
  • для арганізацыйнага, прававога, фінансавага, матэрыяльна-тэхнічнага, кадравага, інфармацыйнага і інш. забеспячэння культурнай дзейнасці.

У сферы культуры рэалізаваны прынятыя на ўрадавым узроўні Дзяржаўныя праграмы «Культура Беларусі» (2011-2015 гг.), праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу Слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» (2012 - 2015 гг.). Працягваецца праца ў рамках Дзяржаўных праграм «Замкі Беларусі» і «Беларусы ў свеце».

У 2016-2020 гг. Міністэрствам культуры ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы плануецца ажыццявіць будаўніцтва, рэканструкцыю, рэстаўрацыю 10 аб'ектаў, сярод якіх кінастудыя «Беларусьфільм», будынкі па вул. К. Маркса і вул. Кірава «Нацыянальнага мастацкага музея», спартыўна-культурнага цэнтра па вул. Рабкораўская, 19 у Мінску і іншыя.

Плануецца працягваць навукова-праектныя і рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы ў замках:

  • у Крэве, Смаргонскі р-н, Гродзенская вобл.;
  • у Лідзе і Навагрудку, Гродзенская вобл.;
  • у Гальшанах, Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл.;
  • у Старым замку ў г. Гродна;
  • у палацы ў Ружанах, Пружанскі р-н, Брэсцкая вобл.

Рэстаўрацыя гэтых помнікаў пачалася ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Замкі Беларусі» (2012-2018 гг.).

Фонды і падтрымка

Важным стылулам развіцця культуры Беларусі стала стварэнне і дзейнасць фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Штогод праходзіць уручэнне прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, дзяржаўных прэмій.

За кошт бюджэтных сродкаў забяспечваецца дзейнасць дзяржаўных музеяў, бібліятэк, клубных устаноў і ўстаноў адукацыі сферы культуры. Таксама ажыццяўляецца падтрымка дзяржаўных тэатральна-відовішчных арганізацый, паркаў культуры і адпачынку, заапаркаў і кінавідэапракатных арганізацый.

Асаблівая ўвага надаецца пытанням развіцця і ўкаранення новых відаў паслуг культуры, прыцягнення наведвальнікаў у рэгіёнах. Праводзіцца работа па ўдасканаленні форм і метадаў культурнага абслугоўвання насельніцтва, пошуку новых форм работы. Аказанне паслуг культуры забяспечваецца на ўзроўні кожнага рэгіёну ў залежнасці ад умоў і патрэб насельніцтва. Вялікая ўвага надаецца культурнаму абслугоўванню жыхароў маланаселеных пунктаў, якія не маюць стацыянарных устаноў культуры. Для абслугоўвання сельскіх жыхароў сфарміравана рухомая сетка аўтаклубаў, бібліябусаў, рухомых кінаўстановак.

Што зроблена?

За апошнія пяць гадоў пабудаваны новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пасля рэстаўрацыі ўведзены ў эксплуатацыю Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», капітальна адрэстаўраваны і аснашчаны самым сучасным сцэнічным абсталяваннем Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр і іншыя аб'екты.

Культура Беларусі – сусветная спадчына

Сёння адзіны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей налічвае 5 500 аб'ектаў. Рэспубліка Беларусь прадстаўлена нацыянальнымі аб'ектамі ў прэстыжным спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Мірскім і Нясвіжскім замкамі, аб'ектамі Геадэзічнай дугі Струве, Белавежскай пушчай. Нематэрыяльная спадчына прадстаўлена абрадам «Калядныя цары». Кандыдатамі на ўнясенне ў спіс сусветнай спадчыны ўрадам прапанаваны яшчэ дзясятак аб'ектаў, сярод якіх Аўгустоўскі канал ХIХ стагоддзя, Камянецкая вежа 1271 -1288 гг., Сафійскі сабор у Полацку 1030 -1060 гг.

Фестывалі і будні

У краіне штогод праводзяць каля 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў. Найбуйнейшыя з іх - міжнародныя фестывалі тэатральнага мастацтва «Панарама», фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень», кінафестываль «Лістапад», этнафестываль «Кліч Палесся», свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») і, вядома, Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які ў 2016 годзе пройдзе ўжо ў дваццаць пяты раз.

«Славянскі базар у Віцебску» аб'ядноўвае самыя розныя віды мастацтва, а ў якасці ўдзельнікаў і гасцей на яго прыязджаюць прадстаўнікі з 35 - 40 дзяржаў. У праграме «Славянскі базар у Віцебску» шоу зорак эстрады розных краін свету суседнічаюць з начнымі джазавымі канцэртамі, вечары класічнай музыкі - з тэатральнымі пастаноўкамі, мастацкія выставы прафесіяналаў - з сапраўдным мастацтвам і знакамітымі вырабамі самародкаў з глыбінкі, якія насяляюць на час форуму самы папулярны сярод гасцей Горад майстроў. Важнай часткай гэтага мультыжанравага і мультыкультурнага ліпеньскага дзейства нязменна з'яўляецца конкурс маладых выканаўцаў, які ўжо стаў вызначальным у будучай кар'еры многіх вядомых сёння артыстаў розных кантынентаў зямнога шара.

У сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць 28 дзяржаўных тэатраў. Паслядоўная рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў сферы тэатральнага мастацтва дае свой вынік - стабільнасць тэатральнага працэсу, якая праяўляецца ў рэгулярным выпуску новых спектакляў, папаўненні труп падрыхтаванымі творчымі кадрамі, актыўным гастрольным і фестывальным рухах. У Беларусі статус «нацыянальнага» маюць чатыры тэатры, у тым ліку Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, які з поспехам гастралюе па ўсім свеце. Салістаў оперы і артыстаў балета запрашаюць у спектаклі вядучых тэатраў Італіі, Францыі, Кітая і іншых краін.

Традыцыйна ў канцы восені ў нашай сталіцы праходзіць найбуйнейшы Міжнародны Мінскі кінафестываль «Лістапад». Ужо 21 год запар у ім прымаюць удзел кінематаграфісты многіх краін свету, прэзентуючы гледачу свае конкурсныя кінастужкі. Такую ж вялікую колькасць прафесіяналаў сферы кінематографа з замежных кінаіндустрый можна сустрэць і ў горадзе Магілёве на ўлюбёным дзятвой і дарослым гледачом Міжнародным анімацыйным кінафоруме «Анімаёўка». Беларускія майстры анімацыі добра вядомыя ў свеце, і не раз прывозілі з падобнага роду фестываляў вышэйшыя ўзнагароды.

Масу прыхільнікаў і ўдзельнікаў збіраюць у краіне і шматлікія міжнародныя фестывалі тэатральнага мастацтва. Вось некаторыя з іх:

  • Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «Сакавік@кантакт» у Магілёве,
  • Міжнародны фестываль лялечных тэатраў «Лялькі над Нёманам» у Гродне;
  • Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» ў Брэсце;
  • «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Гомелі;
  • Міжнародны форум тэатральнага мастацтва ТЕАРТ ТеArt;
  • Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва «Панарама» ў Мінску;
  • Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC у Віцебску.

Таксама самыя разнастайныя яркія фестывалі і святы праводзіць Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі.

Актыўную дзейнасць ажыццяўляюць 18 дзяржаўных канцэртных арганізацый рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання. Найбуйнейшыя творчыя калектывы гэта:

  • Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі;
  • Дзяржаўны сімфанічны аркестр;
  • Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча;
  • Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы;
  • Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча;
  • Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі;
  • Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі»;
  • Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» і многія іншыя.

Вядучая канцэртная арганізацыя краіны - Беларуская дзяржаўная філармонія.

«Культурная сталіца Беларусі»

У пачатку 2010 года Міністэрства культуры рэспублікі дало старт акцыі «Культурная сталіца Беларусі», якая кожны год надзяляе які-небудзь горад правам так сябе называць. Гэта акцыя прызначана развіваць і ўзбагачаць культурнае жыццё рэгіёнаў, актывізаваць грамадскія ініцыятывы, прыцягваць турыстаў у ўнікальныя мясціны нашай зямлі. Першаадкрывальнікам быў Полацк. За пяць гадоў культурнымі сталіцамі станавіліся Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, у 2015 годзе - Брэст, у 2016 эстафету прыняў горад Маладзечна. Усе гарады прадэманстравалі высокі ўзровень арганізацыі культурных мерапрыемстваў і клопату пра гісторыка-культурную спадчыну сваіх рэгіёнаў.

Выяўленчае мастацтва

Культурны імідж краіны шмат у чым залежыць ад майстроў выяўленчага мастацтва. А місія мастака ў Беларусі асаблівая ў сувязі з тым, што тут шануюць памяць найвялікшых землякоў, якія набылі сусветную славу, і абапіраюцца на створаныя імі традыцыі. За кошт сродкаў і грантаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы культуры і мастацтва Міністэрствам культуры набываюцца творы, створаныя мастакамі па сацыяльна-творчаму заказу. Хто бываў у Нацыянальнай бібліятэцы нашай краіны, напэўна ацаніў не толькі сам суперсучасны ўнікальны будынак-алмаз, але і ўнутранае яго ўбранне. Маляўнічыя палотны, раскошныя габелены, скульптурныя і графічныя творы, манументальныя роспісы для бібліятэкі стваралі лепшыя майстры пэндзля і разца Беларусі. Нашымі таленавітымі мастакамі аформлены інтэр'еры і Палаца Рэспублікі, і Палаца Незалежнасці, і Мінскай гарадской ратушы, і Нацыянальнага гістарычнага музея, і Палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, ужо названых Мірскага і Нясвіжскага замкаў, а таксама плошчы, вуліцы, паркі, гатэлі рэспублікі. Штогод беларускія майстры ўдзельнічаюць у дзясятках айчынных і замежных выставах, у прэстыжнай Венецыянскай біенале, у Днях культуры Беларусі ў многіх краінах свету.

Музеі - захавальнікі гісторыі

Зараз у сістэме Міністэрства культуры функцыянуе 151 музей. Ацаніць беларускую школу выяўленчага мастацтва ў поўнай меры можна ў Нацыянальным мастацкім музеі, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у розных галерэях, якія носяць імёны знакамітых мастакоў-сучаснікаў.

Чалавек, які пабываў у галерэі Героя Беларусі, народнага мастака СССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Савіцкага, назаўжды запомніць яго мастацтва, напоўненае не толькі высокім майстэрствам жывапісца, але і яго болем за вялікую народную трагедыю ХХ стагоддзя - Другую сусветную вайну. У яе страшным горане згарэлі жыцці кожнага трэцяга беларуса. Не змаўкаюць званы ў сусветна вядомым Мемарыяльным комплексе «Хатынь» пад Мінскам.

Свой талент, майстэрства і сэрцы аддалі беларускія архітэктары, дызайнеры, скульптары, музейшчыкі, працуючы над экстэр'ерам і экспазіцыйнымі плошчамі новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзіцца сёння на сталічным Праспекце Пераможцаў.

Не спыняюцца патокі турыстаў да мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»: мужныя пагранічнікі - абаронцы крэпасці першымі прынялі на сябе вераломны ўдар нямецка-фашысцкіх войскаў 22 чэрвеня 1941 года. Тыя падзеі з геннай памяці беларусаў не знікнуць ніколі, золатам упісаны яны і ў нашу творчую спадчыну…

Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры

Важным напрамкам дзейнасці з'яўляецца развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і прадстаўленне дасягненняў беларускай нацыянальнай культуры за межамі краіны. Адной з форм такога супрацоўніцтва з'яўляецца правядзенне Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у розных краінах свету і Дзён культуры замежных краін у нас, у Рэспубліцы Беларусь.

У 2015 годзе адбыліся Дні культуры Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у Малдове, Таджыкістане, Туркменістане. У Беларусі на працягу года прайшлі Дні культуры Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам, Фестываль пакістанскага кіно, Дні культуры Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Дні культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі. У рамках візіту ў Беларусь Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна 10 - 12 мая 2015 г. падпісана Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Кітая аб узаемным заснаванні культурных цэнтраў.

У 2016 годзе запланавана правядзенне Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы, Рэспубліцы Індыя і ў Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспубліцы Шры-Ланка. У Беларусі пройдуць Дні культуры Рэспублікі Таджыкістан, Рэспублікі Малдова, Турэцкай Рэспублікі, Ісламскай Рэспублікі Пакістан, Рэспублікі Арменія і Туркменістан. Абмяркоўваецца пытанне правядзення Дзён культуры Эстонскай Рэспублікі і Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

У 2016 годзе будзе працягвацца ўдзел Беларусі ў праграмах і праектах ААН, ЮНЕСКА, Міжнароднага камітэта па арганізацыі фальклорных фестываляў, Міжнароднай рады па народнай творчасці, Міжнароднай рады музеяў.

Адукацыя ў сферы культуры

У краіне захавана і паспяхова развіваецца цэласная сістэма адукацыі, пачынаючы з дзіцячых школ мастацтваў і заканчваючы ўстановамі вышэйшай адукацыі сферы культуры. Падрыхтоўка кадраў высокай кваліфікацыі вядзецца, перш за ўсё, у трох профільных вышэйшых навучальных установах краіны, і гэта:

  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў;
  • Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі;
  • Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

У ВНУ сферы культуры адкрыта падрыхтоўка спецыялістаў па 9 новых спецыяльнасцях і напрамках спецыяльнасцей. У краіне - 21 установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 430 дзіцячых школ мастацтваў.

Беларусь імкнецца да павышэння сацыяльнай і эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання сферы культуры. На першы план сёння выходзіць больш эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў.

Асноўныя мэты і задачы, на думку Міністэрства культуры, якія стаяць перад сферай культуры Беларусі на пяцігодку, гэта:

1. Захаванне культурнай ідэнтычнасці беларускага народа;

2. Развіццё нацыянальных творчых традыцый і айчыннага кінематографа;

3. Шырокае прыцягненне насельніцтва да заняткаў мастацкай творчасцю;

4. Умацаванне станоўчага іміджу Беларусі ў міжнароднай культурнай супольнасці;

5. Развіццё сістэмы бесперапыннай мастацкай адукацыі, падтрымка таленавітай моладзі;

6. Укараненне новых інфармацыйных прадуктаў і тэхналогій у сферы культуры, новых стандартаў якасці паслуг культуры;

7. Стварэнне сучасных цэнтраў культуры, брэндавага рэгіянальнага прадукту і паслуг, заснаваных на мясцовых культурных традыцыях, а таксама звязаных з выкарыстаннем гісторыка-культурных каштоўнасцей.

У сучасным свеце культура неаддзельная ад эканомікі, адукацыі, знешняй палітыкі, іншых сфер дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці. Плануецца, што 2016 - Год культуры, надасць Беларусі і людзям, якія жывуць на гэтай зямлі, новыя сілы, думкі, творчасць і энергію, які дабратворна паўплывае і на эканоміку, і на палітыку, і на сацыяльную сферу жыцця, засяродзіць веды і сілы ў духоўна -маральнай плоскасці.

Год культуры заключаецца не толькі ў правядзенні знакавых мерапрыемстваў, святкаванні юбілеяў выдатных асоб і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, ён накіраваны, у тым ліку, на духоўнае развіццё асобна ўзятай асобы, пераацэнку жыццёвых прыярытэтаў.

Беларусь - маладая дзяржава, і ёй неабходна прадоўжыць фарміраванне сваёй духоўнай спадчыны, якая ў далейшым будзе перададзена нашчадкам. Менавіта духоўная спадчына - наша каштоўнасць і найвялікшы здабытак.

Інфармацыя прадстаўлена

Вікторыяй Ратабыльскай,

начальнікам аддзела міжнародных сувязей,

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь\

Other interesting stories: