Уладзімір Цэслер: «Мастак будзе працаваць, незалежна ад таго, зарабляе ён ці не. Інакш гэта не мастак»
– Што такое «крэатыўная індустрыя», ці існуе яна ў Беларусі?
– Любы чалавек, які займаецца творчасцю, разумее, што ўсё пачынаецца з крэатыву. «Індустрыя» – у гэтым я амаль нічога не разумею. Індустрыя, можа, гэта звязана з сур’ёзнай прамысловасцю і прадуктамі дызайну.
– Але вы як раз дызайнер…
– Як раз, можа быць, і не. Хто такі дызайнер? Гэта чалавек, які, знаходзячыся ў цесным кантакце з вытворчасцю, спрабуе ўкараніць новую эстэтыку. Напрыклад, вырабляюць нейкі матэрыял, але ён нямодны. Дызайнер можа ўдыхнуць у яго новае жыццё. Дызайн дапамагае ўзгадаць пра тое, што ёсць забытыя матэрыялы, і ўкараніць іх. Спрасціць стаўленне да прадметаў. Гэта адбудзецца, калі ўдасца знайсці новую ідэю. Задача дызайнера – паўплываць на людзей, на іх мысленне і змяніць яго. Там, дзе ёсць прадпрыемства, там павінен быць дызайнер. Наогул, я не тэарэтык.
– Вы сказалі, што вы не дызайнер, а як бы вы сябе назвалі?
– Цяпер мне ўжо ўсё роўна. Я сканчаў «дызайн», там «ставілі мысленне», але гэта нікому не спатрэбілася. Магчыма, толькі тыя, хто з’ехалі і патрапілі, напрыклад, у аўтамабільную індустрыю, рэалізавалі сябе. Бо па сутнасці, дызайнер – гэта прафесія для прамысловасці, без прадпрыемства, таксама як і прадпрыемства без дызайнера, існаваць не можа. Для працы дызайнера на прадпрыемстве павінны быць эканамічныя магчымасці, сродкі на змяненне лініі, напрыклад. Калісьці на Мінскім заводзе халадзільнікаў я спрабаваў удзельнічаць у адным праекце … Але тады прымяніць там нешта новае было немагчыма.
–У чым была цяжкасць?
– Немагчыма было змяніць ні колер, ні форму. Завод быў проста зборачнай лініяй. Магчыма, цяпер ужо ўсё па-іншаму і завод змяніўся, але тады было так. Для супрацоўніцтва з дызайнерам павінна быць жаданне і фінансы. Трэба ўмець глядзець наперад. Гэта толькі для тых людзей, якія глядзяць у будучыню.
– Што важней для дызайнера – прыгажосць, эстэтыка і функцыянальнасць?
– Справа не ў прыгажосці, а ў тым, каб было так, як трэба і тое, што трэба. Эстэтыка і прыгажосць – гэта абсалютна розныя рэчы. Ведаеце, ёсць такі выраз «мастацтва выратуе свет ад прыгажосці»… Мысленне падыходзіць да нейкага рубяжа. Гэта трэба злавіць, «злавіць зорку», і прадмет з раскошы становіцца спажывецкім.
– Прывядзіце прыклады, калі прадметы раскошы становяцца прадметамі масавага рынку?
– Напрыклад, аўтамабіль, камп’ютар – раней яны былі раскошай, а цяпер ёсць у кожнага.
– Якія праекты ў галіне дызайну маглі б быць запатрабаваныя сёння ў Беларусі?
– Не час гаварыць пра дызайн, калі прамысловасць стаіць. З іншага боку, я ведаю, што добрыя дызайнеры спрабавалі трапіць на вытворчасць і нешта змяніць. Але пакуль гэта немагчыма.
– Вашы працы становяцца моднымі і трэндавымі. Як у вас гэта атрымліваецца?
– Не толькі мае. Шмат маладых дызайнераў, якія класна працуюць. Тое, што я раблю, магчыма, па інэрцыі становіцца модным. Калі чалавека крыху ведаюць, да яго ёсць цікавасць. Але гэта абсалютна нічога не мяняе. Поспех мастака залежыць ад выпадковасці. Ёсць мастакі, якія вельмі добра прадаюцца, але на самой справе мастакамі не з’яўляюцца. Яны так называюць сябе, спрабуюць працаваць у старой манеры, не атрымаўшы школы. Думаю, што справа ў тым, як цябе пададуць, «распіяраць» і ці зможаш ты пабудаваць камерцыю з гэтага. Я не ведаю ніводнага добрага мастака, які б «распіярыўся». Часцей за ўсё «раскручваюцца» пасродкавыя.
– Вы сам прыкладаеце намаганні, каб павысіць сваю папулярнасць?
– Канечне не. Гэта глупства, я не ўмею гэта рабіць. Справа ў тым, што art у нашай краіне не з’яўляецца рынкам. Адпаведна, няма людзей, якія б мяне прасоўвалі.
– Былі б вы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з арт-мэнэджарамі?
– Магчыма, так. Але, па-вялікаму рахунку, мне ўсё роўна. Я не перастану працаваць.
– Вы не думаеце, што выклік для сучасных мастакоў – гэта не толькі ўмець ствараць прадукт, але і прадаваць яго?
– Ствараць і прадаваць адначасова – гэта вялікая рэдкасць. Так ніколі не было. Ты альбо добра прадаешся, альбо добра працуеш. Пакуль што ў нас так.
– Вы задумваліся калі-небудзь пра эміграцыю? Ці хацелася вам з’ехаць, і чаму вы не з’ехалі туды, дзе больш магчымасцей?
– Трэба разумець, у імя чаго вы з’язджаеце. Калі б мае працы там шанаваліся, я быў бы заможным чалавекам.
– Ну, усе думаюць, што так і ёсць…
– Я хачу расчараваць тых, хто так думае. Мастак будзе працаваць, незалежна ад таго, зарабляе ён ці не. Інакш гэта не мастак. Я раблю розныя рэчы. Цяпер гэта заказы па фірменнаму стылю, рэклама, адзенне. Для таго каб у цябе купілі працу – спачатку яе трэба зрабіць. З нагоды эміграцыі. Па-першае, у мяне не было запрашэння. Па-другое, для мастака важна месца, дзе ён мог бы працаваць. Іміграваць можна толькі ў крайнім выпадку, пазбавіўшыся майстэрні, напрыклад. Але я ніколі пра гэта не думаў. Што мяняць? Людзі з’язджаюць не ад добрага жыцця. Эміграцыя – гэта велізарны стрэс. Я атрымліваю пенсію, хоць, для таго каб аплаціць месячную арэнду майстэрні, трэба чатыры маіх пенсіі ... Людзі ў праве самі распараджацца сваім лёсам. Нават тыя, хто з’ехалі, у каго атрымалася там зарабіць, яны ўсё роўна, рана ці позна вяртаюцца.