content
Лекцыя 7. Масавая і высокая культура
Лекцыя 7. Масавая і высокая культура
Як і ў грамадстве ў цэлым, у культуры важна пазнаваць і паважаць людзей з рознымі культурнымі поглядамі і інтарэсамі. На сённяшні дзень цяжка правесці мяжу паміж тым, што раней называлася масавай і «высокай» культурай. Каб жыў зараз на свеце Леанарда да Вінчы, ён напэўна стаў бы прадпрымальнікам у індустрыі камп'ютарных гульняў.

У 1929-м годзе была выдадзена кніга іспанскага філосафа і сацыёлага Хасэ Артэга-і-Гасэт «Паўстанне мас». У ёй ён наракае на захоп «масамі» грамадскай улады і дасягненне імі такога ўзроўню жыцця, які раней быў даступны нямногім.

Тэму падзелу культуры на высокую і масавую працягваюць Макс Хоркхаймер і Тэадор Адорна. Яны прапануюць тэрмін «індустрыя культуры» для апісання прамысловага апарата па вытворчасці аднастайных, стандартызаваных навінак у сферах мастацтва, жывапісу, літаратуры, кіно і інш. На думку аўтараў, серыйныя вобразы, створаныя такой індустрыяй, не нясуць каштоўнасных арыенціраў і асветы, а хутчэй дапамагаюць абстаргавацца ад паўсядзённых праблем, душаць ініцыятыву і творчасць. Сярод іншага, іх крытыкі падвяргаюцца такія лёгкія для ўспрымання жанры, як трукавае кіно і мультфільмы.

Пазнейшыя даследчыкі бачаць у папулярнай культуры не толькі прадукт, які індустрыя падае пасіўным «масам», але і поле для творчасці і адлюстравання сацыяльных працэсаў і змен. Напрыклад, у папулярнай культуры прасочваецца пераход да расавай талерантнасці за апошнія 50 гадоў - у той час, як у мультфільме 1950-х гадоў «Том і Джэры» афраамерыканка прадстаўлена толькі ў якасці прыслугі, чые рукі ў белых пальчатках час ад часу мільгаюць у кадры, ужо ў 2000-х Хэло Бэры, Джэймі Фокс і Дэнзел Вашынгтон атрымліваюць прэміі «Оскар» за лепшае выкананне галоўных роляў.

Акрамя таго, сродкі масавай камунікацыі пачынаюць шырэй выкарыстоўвацца з пазнавальнай мэтай. Распаўсюджваецца фармат «edutainment», які сумяшчае адукацыю і забавы. Напрыклад, дакументальны серыял «Скрозь чарвяточыну з Морганам Фрыменам» разглядае самыя хвалюючыя таямніцы сучаснай навукі, пры гэтым карыстаючыся папулярнасцю ў шырокай аўдыторыі, пра што сведчыць намінацыя на прэмію «Эмі».

Сусветныя поп-іконы, такія як Лэдзі Гага, Дэвід Бэкхэм, Шакіра, Рыяна, аказваюць значна большую ўвагу на людзей, асабліва маладых, чым палітыкі. А меркаванне моладзі ў ХХІ стагоддзі будзе напэўна адыгрываць усё больш важную ролю як у палітыцы, так і ў эканоміцы розных краін. Нельга недаацэньваць патэнцыял культуры як выразніка новых ідэй і відаў творчасці ў маладзёжным асяроддзі.

Акрамя гэтага, з'яўленне новых медыя змяняе ролю аўдыторыі ва ўзаемадзеянні з культурай. Да ўспрымання дадаецца актыўны ўдзел і стварэнне кантэнту. Так, Джасцін Бібер звярнуў на сябе ўвагу прадусараў, калі яго аматарскія ролікі сталі папулярнымі на YouTube (https://www.youtube.com/watch?v=KJWZSEkCrAM). Такім чынам, міжнародную цікавасць прыцягнула апублікаваная ў інтэрнэце серыя Emojination украінскай мастачкі Насці Нуднік, якая іранічна абыгрывае вядомыя карціны.

Расказаць сябрам