content
Лекцыя 1. Як падрыхтавацца да напісання добрай праектнай заяўкі?
Мяне завуць Магда Красоўская-Іграс (Magda Krasowska-Igras). Я трэнер па напісанні праектных заявак і складанні бюджэту. Працую я на штодзённай аснове ў Фондзе развіцця грамадзянскай супольнасці (Information Society Development Foundation) у Польшчы. Займаюся напісаннем праектных заявак ужо больш за 12 гадоў. Я падзялюся з вамі некалькімі парадамі з асабістага вопыту менавіта ў гэтай сферы.

Навошта гэта трэба:

  • Звычайна падрыхтоўка праектнай заяўкі азначае, што вы хочаце атрымаць грошы на рэалізацыю канкрэтнага праекта. Таму паспяховая заяўка азначае, што ў вас будзе магчымасць рэалізаваць вашы прафесійныя ідэі і мары.

  • Для большасці праектных заявак, якія вы будзеце абдумваць, будуць патрэбны партнёры. Таму вам трэба працаваць над якасцю і колькасцю знешніх сувязей вашай арганізацыі. У вас будзе развітая сетка кантактаў, прызнанне і прэстыж.

  • Праектная заяўка — гэта не проста зборнік усіх вашых геніяльных ідэй. Калі яна сапраўды ўключае элементы супрацоўніцтва, то яна павінна быць вынікам сумеснай працы і ўсебаковага аналізу сітуацыі/знешніх фактараў, а таксама ўсіх прыярытэтаў краін/арганізацый , якія ўдзельнічаюць. Таму праект, над якім вы будзеце працаваць, будзе больш комплексным, інавацыйным і адаптаваным да патрэб вашага атрымальніка.

ЁН ПРОСТА БУДЗЕ ЛЕПШЫМ.

Як нам падрыхтавацца да напісання добрай праектнай заяўкі?

Мне хацелася б паказаць вам некалькі этапаў працэсу 

1. САМААНАЛІЗ

Агляд свайго прафесійнага асяроддзя, які дапаможа вам вызначыць рэальныя патрэбы, вопыт і спадзяванні на будучыню.

Я раю вам адказаць на такія пытанні: 

  1. Што вы маеце?

  2. Чага вам відавочна не хапае?

  3. Што здольна выклікаць праблему?

  4. Які патэнцыял можна выкарыстаць?

Пры гэтым трэба ўлічваць спецыфіку вашай арганізацыі і яе супрацоўнікаў, вашых найбольш блізкіх партнёраў і..., асноўных бенефіцыяраў, а таксама мэтавую аўдыторыю. 

2. ПОШУК ПАРТНЁРАЎ

Вам трэба наладзіць добрыя адносіны з партнёрамі. Тады ваш праект будзе стабільным, эфектыўным і прывабным. Падумайце аб магчымых патэнцыйных пагрозах і перавагах ад працы з прадстаўнікамі розных сектараў — грамадскасці, бізнэсу і недзяржаўных арганізацый.

Улічыце міжкультурны аспект вашага праекта і яго ўплыў на ваша асяроддзе.

Такім чынам, што вам трэба прааналізаваць, каб знайсці добрага партнёра:

  • Профіль, назапашаны вопыт і бягучую дзейнасць — змест праекта

  • Памер, інфраструктуру і фінансавыя магчымасці — магчымасці праекта

  • Кваліфікацыю персанала — узровень прафесіяналізму

  • Партнёрствы і кантакты — здольнасць супрацоўнічаць

  • Сувязь з грамадскасцю і грамадскае меркаванне — якасць зробленых дзеянняў

Нядрэнна будзе ўлічыць наступныя фактары, якія могуць быць характэрныя толькі для вашай краіны:

  • Культура працы

  • Стыль кіравання: іерархія, бюракратыя і фармалізацыя

  • Давер або яго адсутнасць?

  • Адкрытасць і гнуткасць 

3. СУМЕСНАЯ ПРАЦА НАД ЗАЯЎКАЙ

Зробім здагадку, што мы ўжо знайшлі арганізацыю-партнёра. Што нам рабіць далей:

  • Накідаць чарнавы варыянт дакумента, у якім будуць пазначаны наш вопыт і ініцыятывы, а таксама ноў-хаў.

  • Некалькімі прапановамі трэба апісаць ідэю праекта і магчымасці прыцягнення фінансавання.

Калі праект зацвердзяць, нам трэба: 

  • арганізаваць як мага больш нарадаў і перамоў;

  • пераканайцеся ў тым, што ўсе падзяляюць адны і тыя ж каштоўнасці і стратэгічныя прыярытэты;

  • пераканацца, што яны ўцягнуты ў напісанне праектнай заяўкі;

  • падпісаць кантракт, які рэгулюе заданні і абавязкі і перыяд пасля падачы заяўкі.

Расказаць сябрам