content
Лекцыя 2. Правядзіце даследаванне – звузьце поле дзейнасці
Як толькі вы дакладна вызначыце, чаго хочаце, пераходзьце да наступнага этапу. Вывучайце.

Падыдзьце да гэтага грунтоўна. Падумайце пра ўсё, што вам трэба пазнаць.

Гэта можа быць:

  • геаграфічнае размеркаванне прэмій;
  • тэмы, якія фінансуюцца;
  • сума атрыманых грошай;
  • частата падачы заявак;
  • працэнты ўсіх заявак і праектаў, якія атрымалі фінансаванне;
  • самая частая арганізацыйна-прававая форма арганізацый, якія атрымалі фінансаванне;
  • імёны і кантактная інфармацыя асноўных кантактных асоб;
  • і г. д.

Пасля гэтага намалюйце табліцу, якая будзе ахопліваць усе гэтыя пытанні. Па вертыкалі напішыце спонсараў, а ў верхнім гарызантальным радку – вашы пытанні. Падыходзьце да яе як да сайта параўнання коштаў. Фармат павінен дазваляць задаваць правільныя пытанні і выразна паказваць перавагі аднаго спонсара над іншым.

Можна перадаць гэту працу кансультанту або стажору. Калі вы вырашыце выканаць гэту працу самастойна, пачніце з вэб-сайтаў. Скапіруйце патрэбную вам інфармацыю па кожным спонсары і ўстаўце яе ў табліцы.

Не забывайце глядзець і ў два дадатковыя раздзелы. Спачатку прагледзьце ўсе старонкі, на якіх згадваюцца партнёры. Тут вы можаце знайсці іншыя арганізацыі, пра якія раней не чулі. Проста пераходзячы па спасылках, можна знайсці цікавых і нечаканых партнёраў.

Таксама праверце, ці з'явіліся новыя старонкі, блогі або гадавыя справаздачы. Менавіта ў іх вы знойдзеце падказкі наконт прыярытэтаў на будучыню, а таксама аб праграмах, якія хутка падыходзяць да канца.

Захавайце і гэту інфармацыю. Калі вы нарэшце пяройдзеце да перагавораў са спонсарамі, вам спатрэбяцца гэтыя ключавыя цытаты або агульныя фразы. Веданне апошніх навін пакажа спонсарам, што вы падрыхтаваліся загадзя.

Калі, здавалася б, пошук падышоў да канца, пакіньце дадзеныя на некалькі дзён і вярніцеся да іх на свежую галаву.

На гэтым этапе мэтазгодна будзе пагаварыць пра тое, што вы знайшлі, з іншымі. Не ўсе вэб-сайты спонсараў абнаўляюцца рэгулярна, і не ўсюды прапісаны выразныя ўмовы. Паспрабуйце высветліць, ці ёсць трэці бок, з якім можна пракансультавацца (напрыклад, арганізацыя, якая атрымлівала фінансаванне ад гэтага спонсара раней або былы супрацоўнік). Спытайце іх пра палітыку і апошнія падзеі ў арганізацыі. Так вы даведаецеся, што Усходняя Еўропа не з'яўляецца прыярытэтным напрамкам, нават калі на іх вэб-сайце вызначана іншае, ці што нядаўна прызначаны новы дырэктар, зацікаўлены ў гэтым рэгіёне, які збіраецца аб'явіць аб павелічэнні фінансавання ў наступным годзе. Так вы будзеце ў выйгрышным становішчы ў параўнанні з іншымі ўдзельнікамі.

Вы таксама можаце непасрэдна звязацца са спонсарам, але на гэтым этапе будзьце асцярожныя. Задавайце агульныя пытанні на аснове інфармацыі, якую вы высветлілі. На гэтым этапе лепш не прапаноўваць свае ідэі.

Затым трэба вызначыць прыярытэт арганізацый, з якімі, на вашу думку, у вас самыя высокія шанцы супрацоўнічаць. Гэта арганізацыі, зацікаўленыя ў тым, чым вы займаецеся ці плануеце займацца, і яны гэта падтрымліваюць.

Прыярытэт можна вызначыць, увёўшы сістэму балаў, ставіць зялёную галачку ці чырвоны крыжык або адзначаць прыярытэт у табліцы згодна колерам святлафора. Змяніце парадак радкоў і размясціце ўсіх найбольш падыходных спонсараў у верхняй частцы табліцы.

У ідэале вы павінны арыентавацца на трох спонсараў з найвышэйшай колькасцю балаў. Засяродзьцеся на іх на працягу года, і толькі потым пераходзьце да астатніх.

Расказаць сябрам